Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем рост колькасці судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачваных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб’ектыўнага судовага разгляду надаюць асуджэнню рысы адвольнага. Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з’яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных.
Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. У прыватнасці:
- Дзяніс Дзейкун асуджаны 23 чэрвеня 2021 года Гомельскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
- Аляксандр Нагела асуджаны 25 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па арт.130 КК за публікацыю ў сацыяльных сетках каментароў, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі і РФ, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
- Леанід Герасімлюк асуджаны 17 жніўня 2021 года Гродзенскім абласным судом па ч.3 арт.361 КК (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) за каментары ў сацыяльных сетках, якія асуджаюць незаконныя гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Каментары, размешчаныя абвінавачванымі, не ўтрымоўваюць прамых заклікаў да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а развагі пра ўжыванне гвалту ў адказ там з’яўляюцца элементам дыскусіі.
- Аляксей Мальцаў асуджаны 13 жніўня 2021 года судом Фрунзенскага раёна Мінска за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі і за крадзеж, паўторна і замах на крадзеж па ч. 2 арт. 205 КК на паўтара года пазбаўлення волі, а канчаткова — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Усе склады злачынстваў, у якіх абвінавачваецца А. Мальцаў, адносяцца да катэгорыі меней цяжкіх, за здзяйсненне якіх прадугледжаныя таксама меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Разам з тым судом без належнага абгрунтавання прызначаны найболей цяжкі від пакарання, пры гэтым вызначаны празмерна строгі яго памер. Такім чынам, А.Мальцаў асуджаны выбарча ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачваных былі вынікам адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.
Ужыванне ўнутранага заканадаўства ў пералічаных справах, ацэнка фактаў і доказаў у той ці іншай ступені насілі адвольны характар і склалі відавочныя памылкі, чым суд парушыў сваё абавязальніцтва датычна незалежнасці і бесстароннасці, а прызначэнне дэманстратыўна суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачваных у параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай;
- працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;
- асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Дзяніса Дзейкуна, Аляксандра Нагелы, Леаніда Герасімлюка, Аляксея Мальцава з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў адносінах да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”,
“Прававая ініцыятыва”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.