![“Ты ўдыхаеш на поўныя грудзі, а паветра няма”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 38](/wp-content/uploads/2021/06/sajt-38.png)
Спампаваць pdf-версію 38-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
![](/wp-content/uploads/2021/06/1_uladzislau-navazhylau-340x240.jpg)
Уладзіславу Наважылаву, вакалісту гурта Gods Tower, прысудзілі тры гады “хіміі” з накіраваннем у папраўчую установу за “Абразу прадстаўніка ўлады”.
Ксенія Тырсікава, культурная менеджарка, вымушана з’ехала з Беларусі. Яе затрымалі 15 траўня 2021 ва ўласнай кватэры, яна адбыла 15-суткавы арышт, пасля чаго адзначала, што не адчувае сябе ў бяспецы.
Алеся Дзянісава, музыку, і ўсю яго сям’ю выклікалі на допыт у Следчы камітэт 22 чэрвеня ў якасці сведкаў па крымінальнай справе супраць Алеся Пушкіна і Паўла Мажэйкі за “рэабілітацыю нацызму”.
![](/wp-content/uploads/2021/06/1_akczyya-u-maladzecha-340x240.jpg)
20 чэрвеня ў Маладзечне ля камяня «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» затрымалі шэсць чалавек. Пятра Дыка арыштавалі на 15 сутак, а Жанну Пілючонак – на 25 сутак.
Вольга Калацкая, перакладчыца, зноў падазраваная па 342 арт. Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Ілля Ясінскі, актор, быў вымушаны бегчы з Беларусі праз распачатую супраць яго крымінальную справу.
![](/wp-content/uploads/2021/06/1_czentr-garadskoga-zhyczczya-340x240.jpg)
Цэлую здымачную групу – 20 чалавек, – якая здымала дыпломную працу маладога рэжысёра, затрымалі ў Мінску 24 чэрвеня. У затрыманых цікавіліся, пра што здымаўся фільм, ці будзе ў ім бел-чырвона-белая сімволіка, хто фінансуе. Большую частку здымачнай групы ноччу адпусцілі.
“Цэнтр гарадскога жыцця” ў Гродна ліквідаваны 21 чэрвеня. Падставай для закрыцця стала карціна Алеся Пушкіна, які быў затрыманы 30 сакавіка па арт. 130 Крымінальнага кодэксу – Распальванне варожасці.
Галерэі Арт-Беларусь вярнулі канфіскаваныя летась карціны.
Сімволіка
![](/wp-content/uploads/2021/06/2_pyotr-kirylyuk-340x240.jpg)
Пётр Кірылюк, 45-гадовы жыхар вёскі Быстрыца Кобрынскага раёна, пакараны годам “хіміі” за сарваны дзяржаўны сцяг.
Юрыю Шастко і Яўгену Грыбу прысудзілі штрафы па 100 базавых велічынь (2 900 рублёў з кожнага) за надпісы і выявы «пратэстнага зместу» (надпісы «Жыве Беларусь!», «3%», бел-чырвоныя палосы) на трох аўтобусных прыпынках.
19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў кватэру сям’і Скаргі за налепку з “Пагоняй” у акне. Калі гаспадары не адчынілі дзверы, міліцыянты выкруцілі вочка ў дзвярах і пусцілі ў кватэру газ, прымусіўшы адчыніць дзверы, затрымаўшы ўсю сям’ю.
Уладзімір Дрындрожык, музыка, быў затрыманы 24 чэрвеня, меркавана, за налепку на машыне, асуджаны на 7 сутак адміністратыўнага арышту.
Жыццё ў няволі
![](/wp-content/uploads/2021/06/3_alyaksandr-vasilevich.jpg)
Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання за кратамі. Ён перадаў паведамленне:
“Тут мала што ведаеш і разумееш, але ведаю дакладна, што сяброў у мяне і добрых людзей вакол значна больш, чым я думаў і мог чакаць”.
Наталлю Хершэ ўжо месяц трымаюць у штрафным ізалятары.
Ліст ад Стасі Міронцавай:
“Посуд нам выдаюць, калі кормяць… Потым, канешне, забіраюць. Можна браць пустыя талеркі, чым я і займаюся. У нас заўсёды ў камеры толькі чаркі алюмініевыя (зэчкі). Ваду кіпяцім у іх. Яны вельмі награваюцца, і ў рукі ўзяць немагчыма. Але Таня робіць з СБ такія кружочкі чыхольчыкі, і з імі нармальна. А каву і гарбату п’ем праз трубачкі ад ручак, каб вусны не апякаць. Бо нават, калі кава ўжо падастыла, алюміній яшчэ гарачы”.
Творчы супраціў і культурны актывізм
23 чэрвеня адбыўся анлайнавы паказ спектакля “Белы трус, чырвоны трус”, які не можа быць паказаны афлайн і падчас прагляду якога на мінулым тыдні адбыліся затрыманні.
Арт у падтрымку франтмена Gods Tower Уладзіслава Наважылава
Вольга Якубоўская – прысвячэнне Кацярыне Барысевіч.
![](/wp-content/uploads/2021/06/4_u-padtrymku-frantmena-gods-tower-uladzislava-lesley-knife-navazhylava.jpg)
![](/wp-content/uploads/2021/06/4_volga-yakubouskaya-3-e1624952583739.jpg)
Анлайн-прэм’ера спектакля “Застацца нельга з’ехаць” Незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos. Усе ролі выконваюць былыя артысты Новага драматычнага тэатра, якія калектыўна звольніліся ў кастрычніку 2020 года праз парушэнне іх грамадзянскіх правоў на забастоўку.
Лявон Вольскі і Маргарыта Ляўчук запісалі новую версію песні “Палон”, прысвечанай палітвязням.
Выціснуты з Беларусі Сучасны мастацкі тэатр запрацаваў у Кіеве.
Галасы асобаў
![](/wp-content/uploads/2021/06/5_alena-anisim-e1624896666148.jpg)
Алена Анісім, cтаршыня Таварыства беларускай мовы, каментуе праект МУС «Аб вызначэнні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»:
“Сцяг, безумоўна, можна забараніць, але з людской памяці і душы гэта не вытравіш. І з гісторыі не выкінеш. У любым выпадку прыйдзе час, калі гэты сцяг ізноў вернецца. Усё стане так, як і павінна быць”.
![](/wp-content/uploads/2021/06/5_syargej-budkin-340x240.png)
Сяргей Будкін, кіраўнік BY_Culture:
“Гаворачы пра выпрацоўку новай культурнай палітыкі для Беларусі, мы не зьбіраемся нікому навязваць сваё бачаньне. Мы хочам наладзіць працэс абмеркаваньня новай культурнай палітыкі, прапануючы свой плян рэформаў, сваю «дарожную мапу”.
![](/wp-content/uploads/2021/06/5_mila-kotka-340x240.jpg)
Міла Котка, хросная маці беларускага стрыт-арту, заснавальніца і куратарка беларуска-бразільскага фестывалю вулічнай культуры Vulica Brasil:
“Імкнучыся ў будучыню, нам нельга забываць пра традыцыі беларускага народа. Страціўшы гістарычную памяць, забыўшыся пра традыцыі і адмовіўшыся ад беларускай мовы, мы страцім сувязь са сваёй зямлёй. А гэту сувязь губляць нельга ні ў якім разе, нават выпраўляючыся ў светлую касмічную будучыню”.
Міжнародная салідарнасць
![](/wp-content/uploads/2021/06/6_u-los-andzhelese.jpg)
Беларуская дыяспара ў Лос-Анджэлесе стварыла мурал, натхнёны працамі беларускіх мастачак і мастакоў, на знак павагі і любові да суайчынніц і суайчыннікаў.
У межах X Міжнароднага фестывалю «Кніжны Арсенал» адбыліся паэтычныя чытанні «Вершы свабоды з Беларусі», дзе выступілі сябры Беларускага ПЭНа: Уладзімір Лянкевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Андрэй Хадановіч і Таццяна Нядбай.
Вольны хор выступіў у Берліне на ўрачыстым адкрыцці беларускай выставы “Жыве Беларусь”.