У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Герман Быхаў – знаходзіцца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні па арт. 130 КК (распальванне варажнечы ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы – супрацоўнікаў МУС);
- Сяргей Бобашаў – асуджаны прысудам суда на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Аграйцовіч– асуджаны прысудам суда Завадскога р-на г. Мінска на два гады абмежавання волі з накіравнаннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 188 КК (паклеп), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Дзмітры Бабок – асуджаны прысудам суда Бабрускага р-на Магілеўскай вобласці на адзін год пазбаўлення волі па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);
- Юры Бірук – асуджаны прысудам суда Маладзечанскага р-на Мінскай вобласці на паўтары гады пазбаўлення волі па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Германа Быхава, Сярея Бобашава, Алякснадра Арайцовіча, Дзмітрыя Бабка, Юрыя Бірука і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
“Ініцыятыва FORB”;
Беларускі ПЭН-цэнтр.