• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце”. 31-ы выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу

“Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце”. 31-ы выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу

Апошняе абнаўленне: 11 мая 2021
“Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце”. 31-ы выпуск дайджэста пра беларускую культуру падчас грамадска-палітычнага крызісу
малюнак Ганны Стаканавай
“Гісторыю вайны падмянілі гісторыяй перамогі”, – гэтая цытата з кнігі “У вайны не жаночы твар” Святланы Алексіевіч вельмі трапна апісвае ідэалагічную рэальнасць, у якой мы жывем не першае дзесяцігоддзе. Пастановачнае спаленне вёскі, чатыры тысячы чырвона-зялёных балонікаў, ветэраны, якіх вымушаюць прыходзіць на парад, але адмяняюць выплаты перад Днём Перамогі… Мы чакаем сапраўдны дзень перамогі – перамогі святла і любові.

Спампаваць pdf-версію 31-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Мікалай Дзядок, фота tut.by

Мікалаю Дзядку, актывісту, блогеру, выстаўлена канчатковае абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яго справа накіраваная ў пракуратуру: незаконныя дзеянні ў дачыненні да гаручых рэчываў; арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі з дапамогай інтэрнэту.

У Брэсце асудзілі яшчэ 14 чалавек па “справе карагодаў”. За “актыўны ўдзел ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” прызначанае пакаранне ад 1,5 года “хатняй хіміі” да 1 года калоніі.

Сёлета 9 траўня на дзяржаўным узроўні адзначаць не толькі Дзень Перамогі, але і Дзень дзяржаўнага сцяга і герба. У Брэсце на гэты дзень улады запланавалі масавае мерапрыемства, на якое прымушаюць прыйсці школьнікаў і настаўнікаў – ужываючы ціск і пагрозы.  

У Бабруйску на 9 траўня школьнікаў збіраюцца выбудоўваць у жывы калідор, патрабуючы ад іх мець з сабой балонікі чырвонага і зялёнага колераў. 

У Гомелі школьнікаў і бацькоў прымушаюць прысутнічаць на святкаванні Дня Перамогі і мець з сабой сцяжкі альбо балонікі чырвонага і зялёнага колераў. 

У вёсцы Шунёўка напярэдадні 9 траўня прайшла інсцыніроўка спалення вёскі нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны, ініцыяваная афіцыйнымі ўладамі. 

Варта адзначыць, што сёлета да святкавання Дня перамогі ўладамі запланаваны шэраг спрэчных мерапрыемстваў, на якія выдаткоўваецца вялікі бюджэт, напрыклад, запуск 4000 чырвона-зялёных балонікаў. Пры гэтым усе аднаразовыя выплаты ветэранам былі адмененыя, што праўда, іх паабяцалі ўсё ж зрабіць пасля таго, як рашэнне выклікала шырокі рэзананс у грамадстве.  

Юля Шабанава

Да сям’і Доўнар, што займаецца брэндам адзення Honar (у якім часта выкарыстоўваецца беларускі арнамент і іншыя сімвалы, традыцыйныя для беларускай культуры), прыйшлі з інспекцыяй, якая будзе правяраць адзенне брэнда на адпаведнасць дзяржаўным стандартам. 

Юля Шабанава, музыка, атрымала штраф 50 базавых велічынь за тое, што 22 красавіка ў пераходзе на вуліцы Леніна разам з музыкамі Лізаветай Пакетавай і Аляксеем Жураўлевічам спявалі песню “Разбуры турмы муры”. Суд палічыў гэта пікетаваннем. Лізавета атрымала 11 сутак адміністратыўнага арышту, Аляксей – 25. 

Працягваецца пераслед чальцоў Саюза палякаў у Беларусі і агульна прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці. За кратамі надалей застаюцца пяць чалавек: старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, а таксама журналіст і польскі актывіст Анджэй Пачобут з Гродна, Ірэна Бернацкая з Ліды, Марыя Цішкоўская з Ваўкавыска і Ганна Панішава з Брэста. Следчы камітэт Беларусі выклікае на допыты дзеячаў рэгіянальных аддзяленняў Саюза палякаў з Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Андрэй Фралоў, аператар, які працуе для TV Polonia ў праграме “Nad Niemnem”, быў затрыманы 4 траўня і атрымаў 15 сутак адмністратыўнага арышту, а таксама штраф 30 базавых велічынь. 

Мікола Папека, фота racyja.com

Мікола Папека, паэт, які праходзіць абвінавачаным па “справе карагодаў”, атрымаў адмову азнаёміцца з матэр’яламі справы па-беларуску, што з’яўляецца парушэннем закону. 

У бабруйскім тэатры 8 траўня прайшоў канцэрт на ваенную тэматыку, у ім вядучую ролю выконвала Алена Ланская, спявачка, якая адкрыта падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Людзей, якія хацелі сысці з канцэрта раней, не выпускалі з залі.


Сімволіка

Наталля Шэпель і Аляксандр Фурс сталі фігурантамі крымінальнай справы за тое, што расклейвалі налепкі ды наносілі малюнкі белых і чырвоных колераў на будынкі.

Таксама працягваюць даваць штрафы і суткі за любыя прадметы бел-чырвона-белых колераў. 

Спачатку на бела-чырвонай трубе берасцейскай ЦЭЦ намалявалі чырвона-зялёны сцяг, а цяпер вакол яго з’явілася падсветка.

У Оршы вучням некалькіх школ далі заданне ўпрыгожыць вокны колерамі афіцыйнай сімволікі альбо сфатаграфавацца на фоне чырвона-зялёнай сцяны ў адзенні такіх самых колераў і прынесці фота ў школу. 

Наталлю Сляпцову абвінавацілі ў шасці эпізодах пікетавання і пакаралі 10 суткамі адміністратыўнага арышту. Яна малявала ў ліфце чырвоныя сардэчкі і выдзяляла чырвоным маркерам надпіс “Жыве Беларусь”. 

Марыю Амасовіч суд Віцебска пакараў на 20 сутак, Лізавету Кірыенку – на 15 сутак, а Марыю Агіевіч – на 10 сутак за фота з плакатам і бел-чырвона-белым сцягам, якое яны зрабілі 27 красавіка ў Віцебску. 

Уладзіміра Палуяна ў Мінску 6 траўня затрымалі прадстаўнікі Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі за восем бел-аранжава-белых сняжынак на акне, 7 траўня яму прысудзілі 10 сутак адміністратыўнага арышту. 

Ганну Апановіч затрымалі ў Мінску 8 траўня, калі яна прыйшла пакласці ружу з бел-чырвона-белымі стужкамі да мемарыялу Раману Бандарэнку на Плошчы Перамен.


Жыццё за кратамі

У Instagram з’явілася старонка з малюнкамі Анастасіі Міронцавай, палітзняволенай, асуджанай на два гады калоніі. У адным з “пастоў” яна піша:

“Зато здесь я поняла и осознала, насколько я не ценила жизнь и банальные вещи, такие как свежий воздух, чистая вода (здесь она отвратная! От неё брови чешутся, а пить просто так вообще невозможно!), возможность пойти куда угодно и когда угодно…”

Алесь Пушкін, фота svaboda.org

Алесь Пушкін праз адвакатку прасіў, каб яму ў СІЗА не перадавалі перадачы, бо суд будзе не раней як праз пяць месяцаў, а грошы патрэбныя на падтрыманне яго сям’і, асабліва дзяцей.

Пра Максіма Знака расказаў Алег Карабан, які сядзеў з ім у адной камеры. 

Максім дапамагае шматлікім зняволеным у напісанні розных хадайніцтваў па іх справах, тлумачыць важныя прававыя нюансы і г. д. Ён ніколі не губляе добрага настрою. 


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Мікола Папека, паэт, сябар Беларускага ПЭН-цэнтра, які праходзіць па “карагоднай” справе ў Брэсце, настойвае на тым, каб крымінальная справа вялася па-беларуску і каб у справе пазначылі, што ён паэт, а не беспрацоўны. 

Наталля Задзяркоўская – былая працаўніца Міністэрства культуры, якая ў свой час брала ўдзел у распрацоўцы кодэксу «Аб культуры», а таксама іншых прававых актаў у культурніцкай сферы – замяніла Маргарыту Ляўчук, оперную спявачку, на пасадзе адказнай за сферу культуры Народнага антыкрызіснага кіравання. 

NikaEmerald 

G e r a M o r e

Alesha Stupin 

Спектакль “Іранская канферэнцыя” паказалі вольныя Купалаўцы 6 траўня. 

Гурт Dee Tree прэзентаваў альбом “Усю восень”, прысвечаны беларусам, “якія адважыліся, тым, якія перамаглі абыякавасць і страх, тым, якія пазналі адзін аднаго ўлетку і ўвосень”. 

Вольга Якубоўская ахвяравала на дабрачынны аўкцыён карціну з сімвалам 2021 года і ўсім вядомымі коцікамі.

На Плошчы Перамен 7 траўня аднавілі мурал з дыджэямі, а таксама з’явіўся бчб-сцяг са стужак! На наступны ж дзень іх зафарбавалі.

Артысты Перамогі: Пётр Клюеў выступіў 8 траўня ў падтрымку няскораных артыстаў і артыстак.


Галасы асобаў

Наталля Задзяркоўская

Натальля Задзяркоўская:

“Шмат людзей пайшлі з міністэрства [культуры], бо не змаглі з ім [міністрам Маркевічам] працаваць з розных іншых прычынаў. Для яго чалавечы рэсурс, досвед, прафесіяналізм, на маю думку, значаць няшмат. Для яго галоўнае – чысціня шэрагаў, ідэалагічная ў першую чаргу”.

Павел Гарадніцкі, лідар гурта РСП і акцёр Беларускага свабоднага тэатра, які з’ехаў у Кіеў пасля 15 сутак арышту і праз немагчымасць выступаць у Беларусі:

Павел Гарадніцкі

“Пакуль ты знаходзішся ў Мінску, закансерваваны ў сваёй творчай прасторы, цябе толькі ў Беларусі і ведаюць. А часовы пераезд – гэта такі добры пендаль, каб пачаць знаёміцца з іншымі, паказваць ім сваю музыку. Пра гэта ў інтэрв’ю «жизнь малина»  нядаўна казаў Мікіта Моніч: гэта класная магчымасць для нашага музычнага, тэатральнага і кінарынкаў. Раней яны былі самі ў сабе, а цяпер маюць выхады ў Вільнюсе, Варшаве, Кіеве, Маскве, Піцеры і гэтак далей. Артысты наладжваюць культурныя сувязі, выходзяць з нашай андэграўнднай тусоўкі на больш шырокія абшары. А потым, калі пераможам, мы можам папросту вярнуцца ў Беларусь, і гэтыя сувязі застануцца”.

Святлана Алексіевіч:

Святлана Алексіевіч

“Калі я пісала кнігу «Час second hand», я бачыла, колькі засталося людзей, якія звязвалі свае надзеі з сацыялізмам, якія не прымалі капіталізму. Яшчэ 10 гадоў таму, калі я напісала «Час second hand» – заключную кнігу свайго цыкла, мне здавалася, што мая энцыкляпедыя «чырвонага чалавека» завершаная, што наступаюць іншыя часы і «чырвоны чалавек» будзе іншым. Цяпер мне так не здаецца. Пасля таго, што я бачыла і перажыла ў Беларусі, не магу сказаць, што мы развіталіся з камунізмам, што «чырвоны чалавек» змяніўся. Камуністычная ідэя яшчэ жывая. Я працягваю дапісваць сваю мастацкую энцыкляпедыю”. 


Міжнародная салідарнасць

Міжнародны ПЭН-клуб выказаў заклапочанасць затрыманнем Аляксандра Фядуты

Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы, напісаў ліст да зняволеных у Беларусі палякаў: 

«Палякі, якія жывуць у Беларусі, – гэта частка беларускага грамадства, яны ёсць паўнавартаснымі грамадзянамі Беларусі і маюць дачыненне да яе развіцця. Таму маюць права атрымліваць асалоду ад свабоды і надалей будаваць незалежную і дэмакратычную Беларусь»,

– гаворыцца ў лісце, адрасаваным Анджэліцы Борыс, Ірэне Бярнацкай, Ганне Панішавай, Анджэю Пачобуту і Марыі Цішкоўскай”.

Пісьменніцкая, навуковая, журналісцкая супольнасці па ўсім свеце патрабуюць вызваліць Аляксандра Фядуту

Партал VICE News выпусцілі рэпартаж пра Беларускі свабодны тэатр

Польскія рэжысёры Томаш Хацінскі і Мілаш Гаслоўскі знялі фільм «Уходи!»  пра беларусаў, якія пасля выбараў мусілі ўцякаць ад пераследу ў Польшчу. Фільм таксама апавядае пра дыяспару беларусаў у Шчэціне, якая актыўна падтрымала землякоў і арганізоўвала сумесныя палітычныя акцыі ў Польшчы.


Маніторынг парушэння культурных правоў

Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў першую ў гэтым годзе справаздачу пра маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. За студзень-сакавік 2021 года зафіксаваны 291 выпадак парушэння правоў, што складае амаль 50% ад агульнага аб’ёму зафіксаваных выпадкаў за ўвесь 2020-ы год.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

У траўні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч (12 траўня), блогер Павел Спірын (20 траўня), студэнтка і мастачка Кася Будзько (25 траўня).

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2