Найстарэйшы італьянскі часопіс славістыкі «Ricerche slavistiche» прысвячае сёлетні нумар Беларусі

Апошняе абнаўленне: 19 лютага 2021
Найстарэйшы італьянскі часопіс славістыкі «Ricerche slavistiche» прысвячае сёлетні нумар Беларусі

«Ricerche slavistiche», найстарэйшы італьянскі часопіс славістыкі, заснаваны Джавані Маверам у 1952 г., працягвае свае публікацыі па-новаму. Абапіраючыся на трывалыя традыцыі славістыкі ў Італіі, мы імкнемся пераасэнсаваць фокус часопіса з мэтай больш глыбокага разважання над сучаснымі эвалюцыйнымі тэндэнцыямі ў славянскім свеце. Мы асабліва зацікаўленыя ва ўзаемадзеянні славянскага свету з Еўропай і імкнемся даць голас усім славянскім культурам. Уяўленне пра славянскі свет як неад’емную частку Еўропы, прапанаванае Сантэ Грачоцці некалькі дзесяцігоддзяў таму, цяпер з’яўляецца рэальнасцю, прынамсі ў значнай ступені. Адпаведна, мы плануем арганізаваць тэматычныя кластары, накіраваныя на тое, каб паказаць, у якой ступені славянскія культуры з’яўляюцца ключавым кампанентам еўрапейскай прасторы. Выпуск «Ricerche slavistiche» 2021 года будзе прысвечаны Беларусі.

За некалькімі прыкметнымі выключэннямі, палітычная сітуацыя ў Беларусі да гэтага часу перашкаджала станаўленню беларусазнаўства ў якасці моцнай і разнастайнай вобласці даследаванняў. Гэта тычыцца не толькі ХХ стагоддзя, але і постсавецкага перыяду аж да цяперашняга часу. Аднак цяпер Беларусь перажывае сапраўднае сацыяльнае і культурнае ўзрушэнне. Да 2019 года многія разглядалі яе як краіну, пазбаўленую ўласнага голасу, але сёння Беларусь змагаецца за свабоду і грамадзянскія правы, імкнучыся аднавіць сваё права належнаці да еўрапейскай супольнасці. Тое, што адбываецца ў беларускім грамадстве і палітыцы, з’яўляецца вынікам недаследаванага культурнага субстрата. У сваю чаргу, нядаўнія падзеі не могуць не паўплываць на культуру і ідэнтычнасць сённяшняй Беларусі.

Мы глыбока перакананыя, што даследаванні Беларусі і яе культуры маюць вырашальнае значэнне для разумення Еўропы і прагназавання яе будучыні. Тым самым мы таксама пераследуем амбіцыйную акадэмічную мэту: мы імкнемся да таго, каб беларускія даследванні ў Італіі сталі ключавым кампанентам сучаснай славістыкі.

Мы запрашаем вас прадставіць свае даследаванні ў нашым часопісе. Ваш уклад дапаможа сфарміраваць наступны выпуск “Ricerche slavistiche” у якасці пляцоўкі для вывучэння беларускай культуры як у гістарычным, так і ў яе сучасным вымярэннях. Мы асабліва зацікаўленыя ў матэрыялах, належачых да наступных сфер:

  • Беларуская культура ў шматнацыянальным і міжкультурным кантэкстах;
  • Пабудова канону беларускай літаратуры;
  • Тэндэнцыі сучаснай беларускай літаратуры;
  • Культурнае іншадумства ў Савецкай Беларусі;
  • Тэма Чарнобыля ў беларускай культуры;
  • Роля ранняга перыяду Новага часу ў фарміраванні беларускай культурнай ідэнтычнасці;
  • Беларускі мадэрнізм;
  • Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы ва ўзаемадзеянні з іншымі мовамі;
  • Сувязь беларускіх даследванняў з сучаснымі метадалагічнымі падыходамі: даследаванні гістарычнай памяці, гендэрныя даследаванні, трансмедыяльныя даследаванні, візуальныя даследаванні, канвергенцыя культура і інш.

Выпуск будзе выдадзены ў якасці кнігі напрыканцы бягучага года, змест і тэзісы будуць апублікаваныя ў Інтэрнэце. Праз васемнаццаць месяцаў з даты публікацыі поўныя тэксты з’явяцца ў адкрытым доступе на сайце часопіса (у цяперашні час у стадыі распрацоўкі).

Мы запрашаем вас даслаць кароткую біяграфічную даведку і рэферат памерам 350 слоў да 28 лютага 2021 года па электроннай пошце на адрас [email protected]Апошні тэрмін прадстаўлення поўных тэкстаў артыкулаў – 30 чэрвеня 2021 г. Аб’ём тэксту не павінен перавышаць 45 000 знакаў, уключаючы зноскі і бібліяграфію.

Артыкулы могуць быць напісаныя на англійскай ці італьянскай мовах; у выключных выпадках рукапісы могуць быць прадстаўлены на іншых мовах, але яны будуць перакладзеныя на італьянскую. Рашэнне аб стылявым афармленні і фармаце часопіса будзе прынята і даведзена да аўтараў пасля прыняцця рэфератаў артыкулаў. Усе рукапісы будуць праходзіць падвойную сляпую экспертную праверку.

З найлепшымі пажаданнямі!

Oxana Pachlovska, Sapienza University of Rome,
Запрошаны рэдактар спецыяльнага выпуску “European Belarus”

Monika Wozniak, Sapienza University of Rome
Галоўны рэдактар “Ricerche slavistiche”