Спампаваць pdf-версію сямнаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву
Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў вялікую справаздачу за 2020 год паводле маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
25 студзеня падчас рэпетыцыі затрымалі артыста камернага хора Дзяржфілармоніі Дзяніса Іванова, у лістападзе мінулага года Дзяніс ужо адсядзеў 15 сутак адміністратыўнага арышту. Такі ж тэрмін атрымала фатографка Маргарыта Новікава, затрыманая падчас акцыі “Ежа замест бомбаў” 24 студзеня. Віктар Царыкевіч, пра якога мы пісалі ў мінулым выпуску, за серыю акцый атрымаў год калоніі агульнага рэжыму. Уладальнікаў крамы “Мой модны кут” Алену і Валера Есіпёнкаў затрымалі “за продаж незарэгістраванай сімволікі”. У Брэсце прайшлі вобшукі ў рэдакцыі анлайн-часопіса “Бінокль” і культурнай прасторы “Крылы Халопа”, кіраўніцтва часопіса і прасторы таксама абшукалі. У гарадзенскую краму “Адметнасць”, дзе можна набыць тавары з нацыянальнай сімволікай, 29 студзеня прыйшла міліцыя. Заяўлена, што ў дачыненні Сяргея Верамеенкі, уладальніка крамы, актывіста, вядзецца адміністратыўны працэс. У мінскую краму Symbal.by прыйшла фінансавая міліцыя: забралі ўсю тэхніку і тавар, супрацоўнікам прад’явілі абвінавачванне па арт. 17.1 (дробнае хуліганства). У Навагрудку па дарозе на штотыднёвую экскурсію па горадзе затрымалі пенсіянера Аляксандра Быстрыка, у яго дома прайшоў вобшук. 31 студзеня ў Мінску затрымалі паэта Юлія Ільюшчанка, 1 лютага яму прысудзілі 25 сутак арышту.
Інтэрнэт-крама беларускай сімволікі “БЧБ.бел” часова прыпыніла працу ў сувязі з праверкай АБЭП. У краму “Мой родны кут” у Маларыце наведаліся кантралёры з інспекцыі аховы працы. 29 студзеня ў брэсцкай прасторы “Крылы Халопа”” адкрылася выстава “Я амаль магу чуць птушак” фатографа Максіма Сарычава, але яна не прапрацавала і гадзіны, бо ў прастору з праверкай прыйшоў супрацоўнік МНС.
Людзей па ўсёй Беларусі працягваюць караць за бел-чырвона-белыя сцягі і нават тканіну такіх колераў на балконе, за бел-чырвона-белыя балонікі, выпушчаныя з балкона, за фота са сцягам, якое нават не было апублічана, за хрызантэмы – белыя і чырвоныя. Генпракуратура анансавала прызнанне бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. За суткі петыцыя ў падтрымку сцяга сабрала больш за 50000 подпісаў.
Творчы супраціў: новы выпуск відэапраекта “Словы мацней”, у якім паэтка і перакладчыца Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча; другі канцэрт з серыі Артысты Перамогі ў падтрымку беларускіх культурных дзеячаў з выступам гурта Петля Престрастия; новыя творы мастачак і мастакоў, натхнёныя бягучымі падзеямі ў Беларусі (Ліля Квацабая, NikaEmerald, Арцём Бабоўнікаў).
Міжнародная салідарнасць: нямецкае выданне IndieRepublik апублікавала вялікі матэрыял у падтрымку Беларускага фонда культурнай салідарнасці і заклікала міжнародных калег падтрымаць беларусаў; аўстрыйская літаратурная супольнасць выказвае салідарнасць з Беларуссю і патрабуе вызвалення Вольгі Калацкай; Паўла Севярынца, які знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, ўзнагародзілі літаратурнай прэміяй «Воін святла» імя Міхася Жызнеўскага.
Чытайце падрабязнасці падзей мінулага тыдня ў pdf-версіі выпуска №16.
Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.