Штогадовы альманах “Беларус”, які з 2007 году выходзіць у Нью-Ёрку (ЗША), друкуе творы аўтараў, якія пішуць па-беларуску і жывуць па-за межамі Беларусі. Выданне працягвае творчыя традыцыі, закладзеныя папярэднікамі-беларусамі, што апынуліся за мяжой пасля вірлівых падзеяў ХХ стагоддзя, і выдавалі, між іншымі, такія літаратурныя альманахі як “Шыпшына”, “Конадні”, “Ля чужых берагоў”.
Галоўная мэта праекта сёння – даць пляцоўку для публікацыі актуальным і патэнцыйным літаратурным сілам і талентам сярод беларускай грамады ў замежжы. Творчае пераасэнсаванне досведу землякоў удалечыні ад Бацькаўшчыны, але з думкамі пра яе – гэта таксама адна з мэтаў выдання.
Просьба дасылаць матэрыялы на імя рэдактара Альманаха сп. Марата Клакоцкага на адрасы электроннай пошты: [email protected], [email protected] да 1 чэрвеня 2021 году.
Адрас для рукапісаў у не-электронным фармаце: Marat Klakotski, P.O. Box 3225, Farmingdale, NY 11735, U.S.A.
Альманах выходзіць у Нью-Ёрку, але рэдакцыя прымае творы аўтараў з усяго свету. Асноўным акцэнтам у рэдакцыйнай палітыцы ёсць публікацыя арыгінальных мастацкіх твораў усіх жанраў, але таксама вітаюцца пераклады і мемуарныя матэрыялы. Тэматыка твораў не абмяжоўваецца.
Аднак акрамя аўтараў выданню таксама патрэбныя чытачы.
Напрыканцы 2020 году выйшаў чарговы, ужо 14 выпуск Альманаху “Беларус”. Амаль 500-старонкавае выданне змяшчае творы 29 аўтараў, сярод якіх ёсць як вядомыя літаратары: Сяржук Сокалаў-Воюш, Зянон Пазняк, Сяргей Панізнік, Макс Шчур, так і менш вядомыя, а таксама пачаткоўцы. Яны прадстаўляюць 11 краінаў, сярод якіх Аўстралія, Іспанія, Літва, Нямеччына, Канада, ЗША.
Замовіць апошні выпуск Альманаху “Беларус”, а таксама папярэднія выпускі можна праз электронныя адрасы [email protected], [email protected] або на сайце www.e-krama.com.
Пашырайце інфармацыю пра Альманах “Беларус” – адзінае мастацкае літаратурнае выданне аўтараў замежжа, што пішуць па-беларуску!