Кніга “Калядны стол” заняла трэцяе месца ў сёлетняй прэміі Гедройца, а прызам быў запіс кнігі ў аўдыяфармаце ад “Радыё Свабода”. Агучку зрабіў пісьменнік і журналіст (і дарэчы, лаўрэат прэміі Гедройца) Зміцер Бартосік, звядзеннем займаўся гукарэжысёр Зміцер Васількоў.
Зараслава Камінская падзялілася ўражаннямі ад праслухоўвання сваёй аўдыёкнігі:
“Першыя агучаныя апавяданні я пачула якраз перад Новым годам: аўдыёкніга стала для мяне самым незвычайным падарункам, які я калі-небудзь атрымлівала. Вядома, апавяданні гучалі не так, як у маёй галаве. І так і павінна было быць, бо я падзяляю думку, што напісаны тэкст ужо не належыць аўтару і яго (пра гэты тэкст) уяўленням.
Я вельмі ўдзячна Змітру Бартосіку за шчырасць і ўвагу, з якімі ён працаваў над запісам, і за вынік, які атрымаўся. Мне было цікава, ці будзе аўдыёкніга мець той самы ўплыў на чытачоў, як і папяровая кніга. Бо мне пісалі, што “Калядны стол” абуджае асабістыя ўспаміны – а для ўспамінаў, мне здавалася, патрэбныя асаблівыя ўмовы: чытанне ва ўласным тэмпе, сваім унутраным голасам, магчымасць спыніцца і адкласці кнігу ўбок, каб падумаць пра сваё. Але я атрымала першыя водгукі: аўдыёфармат таксама дазваляе пачуць паміж радкоў чужых (то бок, маіх) гісторый пра сябе, свае любімыя стравы і пра сваіх блізкіх, узгадаць сваё мінулае.
Калі я аддавала “Калядны стол” Змітру Вішнёву ў выдавецтва “Галіяфы”, я і не магла ўявіць, што яе чакае такі лёс: мне проста хацелася ажыццявіць задуму, якая была са мной некалькі год, каб, нарэшце, вызваліцца для новых задум. Трэцяе месца прэміі Гедройца і прэмія Цёткі – гэта і вялікі гонар, і вялікая падтрымка, каб працягваць, і вялікі аванс, які вельмі хочацца адпрацаваць”.
Кніга “Калядны стол” пра вас і пра тое, што вы ўзгадаеце, пакуль будзеце яе чытаць. Любімыя стравы, забытыя месцы і людзі, з якімі вы дзялілі ежу і сваё жыццё. Што вы любілі есці, калі былі маленькімі? Хто для вас гатаваў калісьці і для каго вы гатуеце зараз? Што вы елі апошнім разам, калі адчувалі сябе шчаслівымі?
Калі вы не можаце ўзгадаць ніводнай гісторыі, пачніце чытаць, і ўспаміны з’явяцца над гэтымі старонкамі, нібыта пара над гарачым рондалем.
Паслухаць аўдыёкнігу можна Soundcloud Беларускага ПЭНа.
Набыць папяровы асобнік можна тут.