А хто там ідзе? Новы год, рэпрэсіі ўсё тыя ж. Выпуск 14

Апошняе абнаўленне: 12 студзеня 2021
А хто там ідзе? Новы год, рэпрэсіі ўсё тыя ж. Выпуск 14
Пачатак студзеня ў Беларусі падобны на марскі адплыў пасля шторму: схлынула хваля масавых рэпрэсій, трэба разабраць выкінутыя на бераг гушчары судоў, звальненняў і забарон. Але музыка не змаўкае, пэндзаль макнуты ў фарбу, аловак крануўся паперы, дух вольнага народа кружыць у карагодзе. 

Затрыманні, суды

Алег Малашчанка, вайсковы пенсіянер з Баранавіч, сям’я якога ініцыявала шэраг нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцця беларускамоўнага класа ў горадзе, быў затрыманы і 30 снежня дэпартаваны ў Расію, таму што ў яго расійскі пашпарт. Суд спыніў рашэнне аб высылцы, але ўжо пасля таго як Алега дэпартавалі. 

Крысціна Палтавец, мастачка і выкладчыца выяўленчага мастацтва са Скідзеля, была затрыманая за нанясенне муралаў і надпісаў пра падзеі апошніх месяцаў. Супраць яе распачатая крымінальная справа


Ціск, звальненні, забароны

Міхаіл Рыбакоў

Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры, звольнены. 

Пасля падзей 9-11 жніўня большасць супрацоўнікаў музея зрабілі фота з надпісам “мы супраць гвалту”, якое размясцілі ў суполках музея і ў сацсетках.

Сам Міхаіл таксама адкрыта выказваў сваю пазіцыю.

Ксеніі Князевай, дацэнту кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, вядомаму тэатральнаму крытыку, Акадэмія мастацтваў не працягнула кантракт.

Славе Камісаранку, стэндап-коміку родам з Беларусі, анулявалі гастрольныя пасведчанні на выступы ў Мінску. Артыст неаднаразова выказваўся пра фальсіфікацыю выбараў у Беларусі і асуджаў гвалт з боку сілавікоў. 

Беларуская мытня не прапусціла за заходнюю мяжу раман Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя”; таксама затрымліваюць на мяжы кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя” Змітра Лукашука і Максіма Гарунова. Тое самае адбываецца з пасылкамі крамы symbal.by

Не першы месяц працягваецца ціск на беларускія культурніцкія пляцоўкі, многія з іх вымушаныя закрыцца. У пачатку студзеня прыпынілі сваю дзейнасць: арт-паб “Торвальд” у Віцебску і культурны хаб ОК16 у Мінску, дырэктаркай якога да пачатку выбарчай кампаніі была Марыя Калеснікава. У абодвух выпадках фармальнай падставай для закрыцця сталі парушэнні, знойдзеныя МНС. 

У сувязі з закрыццём прасторы ОК16, якая доўга давала жыццё многім важным праектам, адмененыя спектаклі незалежнага тэатра ТОК.

Аляксей Бацюкоў

З Аляксеем Бацюковым, дырэктарам Музея гісторыі Магілёва, не працягваюць кантракт. Раней ён разам з шасцю падначаленымі падпісаў адкрыты ліст, у якім асуджалася жорсткасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сярод патрабаванняў была адстаўка Лукашэнкі.

На сайце change.org створана петыцыя з патрабаваннем спыніць ціск на Аляксея Бацюкова і працягнуць ягоны кантракт. Петыцыя даступная для падпісання.

Незалежны Сучасны мастацкі тэатр (СХТ) вымушаны прыпыпіць сваю дзейнасць, паколькі іх пазбавілі магчымасці паказваць спектаклі ў Беларусі. 


Рэпрэсіі за сімволіку

Працягваюцца рэпрэсіі за бел-чырвона-белыя сцягі і іншую сімволіку. Цягам апошніх двух тыдняў выпадкі, калі за гэта складалі пратаколы, давалі штрафы і суткі, зарэгістраваныя па ўсёй Беларусі: у Рэчыцы, Мінску, Віцебску, Гомелі, Наваполацку. 


Творчы супраціў 

“Радыё Свабода” сабралі новую музыку беларускага пратэсту за першы навагодні тыдзень

9 студзеня адбылася анлайн-трансляцыя спектакля-батлейкі

Калядны анлайн-канцэрт легендарнага Вольнага Хора, чые песні гучалі ў розных кропках краіны апошнія месяцы, адбыўся 10 студзеня. Хор упершыню выступіў з аркестрам.  

На сайце “Наша Ніва” з’явіўся артыкул пра моду беларускай рэвалюцыі: як беларускія дызайнеры і дызайнеркі перадавалі летась дух часу ў адзенні і аксесуарах. 

Выйшаў чацвёрты выпуск ужо рэгулярнага інтэрактыўнага youtube-шоў “Годны двор”

Мастачкі і мастакі працягваюць адлюстроўваць беларускую пратэставую рэальнасць у сваіх працах (працы Ташы Другаковай і Ганны Стаканавай).

У беларускіх дварах, нягледзячы на надвор’е і небяcпеку затрыманняў, адбываюцца выступы музыкаў і святкаванне Калядаў, а па ўсёй Беларусі людзі далучаюцца да танцавальнага флэшмобу Jerusalema – і танчаць у нацыянальных колерах. 


Міжнародная салідарнасць

Кіеўскі тэатар драмы і камедыі прадставіў акторскае чытанне сведчанняў беларусаў, якія сталі ахвярамі гвалту з боку сілавікоў пасля выбараў.  

Музыкі пішуць песні (і нават альбомы) у падтрымку Беларусі. Выйшаў альбом расейскага гурта «Аркадий Коц»

Расійскі гурт “Мумий тролль” праспявалі песню «Тот день, когда», прысвяціўшы яе беларусам.

Беларускі Свабодны тэатр уганараваны брытанскім прызам The Stage Awards 2021 у намінацыі «Найлепшая міжнародная трупа».

Мікалай Халезін і Наталля Каляда

Спампаваць pdf-версію чатырнаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.