• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Сяргея Гардзіевіча і Дзмітрыя Кулакоўскага

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Сяргея Гардзіевіча і Дзмітрыя Кулакоўскага

Апошняе абнаўленне: 28 снежня 2020
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Сяргея Гардзіевіча і Дзмітрыя Кулакоўскага
Як нам стала вядома, 22 снежня 2020 г. па дарозе з Драгічына ў Брэст супрацоўнікамі АМАП быў затрыманы журналіст інтэрнэт-выдання “Першы рэгіён” Сяргей Гардзіевіч.

Пазней у яго кватэры адбыўся ператрус, а ён быў затрыманы ў якасці падазраванага па ўзбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справе па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

25 снежня ў дачыненні да Сяргея Гардзіевіча была абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

4 снежня 2020 г. пры спробе выехаць за межы Рэспублікі Беларусь быў затрыманы Дзмітрый Кулакоўскі, які пазней быў змешчаны пад варту ў СІЗА г. Жодзіна  ў межах узбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка улады).

Варта адзначыць, што Дзмітрый Кулакоўскі працаваў на пасадзе начальніка крымінальнага вышуку Завадскога РУУС г. Мінска, адкуль звольніўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у сувязі з нязгодай з дзеяннямі ўлады. У кастрычніку ён быў затрыманы супрацоўнікамі СУБ МУС і амаль месяц правёў у ЦІП, дзе адбываў адміністратыўныя арышты за нібыта непадпарадкванне патрабаванням службовай асобы. Падчас свайго знаходжання ў ЦІП неаднаразова падвяргаўся катаванням і жорсткаму бесчалавечнаму абыходжанню, пра што неаднаразова заяўляла ягоная адвакатка і паведамлялі СМІ.

У сувязі з гэтым, падтрымліваючы раней выказаную намі ў заяве ад 22 снежня 2020 г. пазіцыю адносна дэкрыміналізацыі дыфамацыі, спынення пераследу і вызвалення ўсіх палітвязняў, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асобаў, дзяржаўных чыноўнікаў і прэзідэнта, знявагу дзяржаўных сімвалаў, а таксама ўлічваючы тое, што Сяргей Гардзіевіч і Дзмітрый Кулакоўскі ізаляваныя (пазбаўлены волі) да суда, мы прызнаем іх пераслед палітычна матываваным, а іх саміх, у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, палітычнымі зняволенымі.

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Гардзіевіча і Дзмітрыя Кулакоўскага.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў, а менавіта – арт.188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.