Пераможцамі прэміі сталі:
Пераклад прозы:
Кацярына Маціеўская – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне” (пераклад з польскай). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Пераклад паэзіі:
Ігар Кулікоў – “Стараангельская паэзія” (пераклад са стараангельскай мовы). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Пераклад дзіцячай кнігі:
Сяргей Матырка – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач” (пераклад з нямецкай мовы). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Кожны з пераможцаў атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце. У гэтым годзе на галоўную ўзнагароду прэтэндавалі 43 кнігі, перакладзеных з 14 моў, сярод якіх шумерская і санскрыт, а таксама фінская і балгарская. Большасць пададзеных кніг перакладзеныя з польскай і шведскай моў.
Паглядзець цырымонію ўручэння прэміі можна на Youtube Беларускага ПЭН-цэнтра.
У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: перакладчык, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, выкладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры замежнай літаратуры Ганна Бутырчык, перакладчыца, выкладчыца пісьмовага перакладу Вольга Марозава, філолаг, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчык, журналіст, лаўрэат прэміі Карласа Шэрмана 2019 Сяргей Шупа.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.
У 2019 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Антон Францішак Брыль (пераклад паэзіі), Надзея Кандрусевіч (пераклад дзіцячай кнігі) і Сяргей Шупа (пераклад прозы). Раней прэмію атрымлівалі Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.