• Заявы
  • Заява ПЭНа Амерыкі аб спыненні справы супраць Вольгі Шпарагі і іншых грамадзян Беларусі

Заява ПЭНа Амерыкі аб спыненні справы супраць Вольгі Шпарагі і іншых грамадзян Беларусі

Апошняе абнаўленне: 6 кастрычніка 2020
Заява ПЭНа Амерыкі аб спыненні справы супраць Вольгі Шпарагі і іншых грамадзян Беларусі
Вызваленая ў панядзелак Вольга Шпарага была затрыманая разам з дваццацю іншымі мірнымі дэманстрантамі.

Затрыманне сябра Беларускага ПЭН-цэнтра падчас мірнай дэманстрацыі ў Менску ў нядзелю ўяўляе сабой яшчэ адну жорсткую спробу прымусіць замаўчаць культурных лідараў пратэставага руху Беларусі і перашкодзіць прасоўванню да дэмакратыі, заявіў сёння ПЭН Амерыкі.

Праваахоўныя органы затрымалі Вольгу Шпарагу, філосафку і сябра Каардынацыйнай рады, разам з дваццацю іншымі пратэстоўцамі. Калегі з Беларускага ПЭНа хутка адрэагавалі, праінфармаваўшы пра затрыманне Вольгі міжнародную супольнасць. Пасля дапамогі адваката Вольга Шпарага была вызваленая, але ў бліжэйшай будучыні павінна будзе з’явіцца на судовае пасяджэнне.

«Філосафы, пісьменнікі ды інтэлектуальная супольнасць па-ранейшаму знаходзяцца на перадавой пратэстовага руху ў Беларусі і першымі адчуваюць на сабе жорсткасць ўрада, які ўсімі сіламі намагаецца захаваць незаконную ўладу. Гэтыя ганебныя і няспынныя нападкі на грамадзян, якія ажыццяўляюць сваё базавае права на свабоду выказвання і мірныя сходы, павінны быць спыненыя. Мы заклікаем міжнародную супольнасць патрабаваць вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых мірных дэманстрантаў і зняцця з іх усіх абвінавачванняў, а таксама аказваць ціск на беларускія ўлады, каб тыя спынілі пераслед свайго народа», — заявіла Паліна Садоўская, дырэктарка праграмы па Еўразіі ў ПЭНе Амерыкі.

Вольга Шпарага — прафесарка, выкладчыца ECLAB у Мінску. Яе кніга «Сообщество после Холокоста: на пути к обществу инклюзии» увайшла ў шорт-ліст прэміі «Кніга года», арганізаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам, у 2018 годзе. Раней у гэтым месяцы двое іншых супрацоўнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра былі затрыманыя за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту і знаходзіліся пад вартай шэсць і дзевяць дзён.

Краіны Балтыі, Вялікабрытанія, Германія, ЗША і Еўрапейскі Саюз заявілі, што не прызнаюць вынікі жнівеньскіх выбараў. Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю, заклікаючы правесці афіцыйнае расследаванне сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.

Арыгінал заявы на сайце PEN America.