Заява ПЭНа Мельбурна ў падтрымку Беларускага ПЭНа і Святланы Алексіевіч

Апошняе абнаўленне: 23 верасня 2020
Заява ПЭНа Мельбурна ў падтрымку Беларускага ПЭНа і Святланы Алексіевіч

“Вось зноў нехта невядомы стукае ў дзверы…”
Святлана Алексіевіч, Беларусь, 9 верасня 2020 г.

Сябры ПЭНа Мельбурна выдатна разумеюць, што азначае гэты стук у дзверы для пісьменніка, які мужна выступіў супраць таталітарнага ўрада.

ПЭН Мэльбурна рашуча асуджае адвольныя арышты сябраў Беларускага ПЭН-цэнтра за правядзенне мірных акцый пратэсту супраць вынікаў нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў пасля заяў аб фальсіфікацыі галасавання. Сярод затрыманых – сакратарка, паэтка і перакладчыца Ганна Комар, кіраўнік праектаў, паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч і перакладчык Сярж Мядзведзеў.

Мы рашуча асуджаем адвольныя затрыманні, жорсткае абыходжанне і катаванні сотняў мірна пратэстуючых грамадзян Беларусі; мы таксама рашуча асуджаем сур’ёзныя спробы падавіць свабоду думкі і слова, мы асуджаем шырока распаўсюджаную карупцыю ў краіне. Мы лічым, што жыхары Беларусі маюць права крытыкаваць жахлівую палітыку ўрада Лукашэнкі ў дачыненні да правоў чалавека,

Мы глыбока занепакоеныя тым, што абвінавачванні былі вылучаныя супраць сябраў Каардынацыйнай Рады, уключаючы Святлану Алексіевіч, старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра і сусветна вядомую пісьменніццу і лаўрэатку Нобелеўскай прэміі. Як нам вядома, Святлана Алексіевіч цяпер адзіная з Прэзідыума Каардынацыйнай Рады, якая пакуль яшчэ на волі і не выслана з краіны.

Сябраў Каардынацыйнай Рады абвінавачваюць у падрыве нацыянальнай бяспекі, у той час як Рада была створана для палягчэння палітычнагаа пераходу і забеспячэння мірнага вырашэння пост-выбарнага крызісу ў Беларусі. Нам вядома, што нядаўна невядомыя людзі спрабавалі пранікнуць у кватэру Святланы Алексіевіч, каб затрымаць яе, але каля яе кватэры сабраліся дыпламаты з некалькіх краін Еўрапейскага Саюза, каб прадухіліць арышт.

18 верасня гэтага года Савет ААН па Правах Чалавека прыняў рэзалюцыю Еўрапейскага Саюза аб пачатку больш стараннага маніторынгу меркаваных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

ПЭН Мэльбурна заклікае ўлады зняць усе абвінавачванні, вылучаныя супраць Святланы Алексіевіч і іншых членаў Каардынацыйнага Рады.

Святлана Алексіевіч заклікае міжнародную супольнасць умяшацца і выступіць у абарону беларускіх дысідэнтаў.

“Мы маленькая краіна. Баюся, мы не здолеем зрабіць гэта самастойна”.

Не праходзьце міма гэтых словаў Святланы Алексіевіч! Далучайцеся да міжнародных заклікаў да ўрада Беларусі – неадкладна вызваліць гэтых грамадзян, несправядліва затрыманых за парушэнне іх асноўных правоў, і спыніць неабгрунтаваны пераслед мірных дэманстрантаў.