• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна”  Марфы Рабковай

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна”  Марфы Рабковай

Апошняе абнаўленне: 22 верасня 2020
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна”  Марфы Рабковай
Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці

Мінск, 21 верасня 2020 г.

17 верасня ў г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова.  Разам з Марфай быў затрыманы таксама яе муж Вадзім Жаромскі, які пазней быў вызвалены.

У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Пры затрыманні Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч.3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Марфа была затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства і змешчаная ў ІЧУ. 19 верасня стала вядома аб яе пераводзе ў СІЗА № 1 у г. Мінску.

Марфа Рабкова з’яўляецца сяброўкай ПЦ “Вясна”, каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі. У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа, разам з валанцёрамі ПЦ “Вясна”, ажыцяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, удзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорскіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.

Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і  пасля выбараў сябры  ПЦ “Вясна сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку дзеючай улады: спробам крымінальнага пераследу, адміністрацыйным арыштам і затрыманням. У дзень выбараў 9 жніўня 2020 г. семёра сябраў рэгіянальных аддзяленняў ПЦ “Вясна” былі падвергнутыя адвольным затрыманням у сувязі з іх праваабарончай дзейнасцю.

Варта нагадаць, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных груп, асобаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.

Згодна з арт. 12 дадзенай Дэкларацыі кожны чалавек мае права індывідуальна і сумесна з іншымі ўдзельнічаць у мірнай дзейнасці, скіраванай супраць парушэння правоў чалавека і асноўных свабод.

Дзяражва павінна прымаць усе неабходныя меры ў мэтах забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, які выступае індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, расплаты, негатыўнай дыскрымінацыі –дэ-факта ці дэ-юрэ, ціску ці любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з законным ажыцяўленнем яго ці яе правоў, згодна з дадзеннай Дэкларацыяй.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці лічым, што  пазбаўленне волі Марфы Рабковай было ўжыта ў дачыненні да яе выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод

На падставе гэтага, кіруючыся п. 3.1 b) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні правабаронцы Марфы Рабковай палітычнай зняволенай і патрабуем:

  • Неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марфу Рабкову і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яе;
  • Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” і ўсіх беларускіх праваабаронцаў.
  • Неўхільна выконваць свае міжнароныя абавязальніцтвы па забеспячэнню гарантый ажыцяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.