“Няўжо вы гатовы забіць сваю маці?” Тэкст Уладзіміра Арлова

Апошняе абнаўленне: 13 жніўня 2020
“Няўжо вы гатовы забіць сваю маці?” Тэкст Уладзіміра Арлова
Радыё Свабода
Пяты дзень мы жывем, нібы ў вусьцішным крывавым сьне.

Засынаем, калі ўдаецца, і прачынаемся, маючы ўваччу адно і тое ж: вакханалію гвалту, безьліч зьбітых, а мо і забітых (яшчэ невядома, якія страшныя таямніцы хаваюць турмы і лякарні), сотні параненых, залітую крывёю пяцігадовую дзяўчынку, доктарку з прыстаўленым да скроні пісталетам…

Калі я быў маленькі, такой жнівеньскай парою дапамагаў маме зьбіраць у нашым садзе яблыкі. Увечары мама цалавала мяне і пыталася: «Ці не стаміліся твае ручкі, сынок?»

Калі я вырас і прывёз маме з будатраду свае першыя вялікія грошы, яна пагладзіла мае рукі з загрубелымі сібірскімі мазалямі, пацалавала іх і спытала: «Яны не стаміліся, сынок?»

Калі я напісаў сваю першую кнігу, мама зноў пацалавала мае рукі: «Яны не стаміліся, сынок?»

У такія хвіліны да мяне заўсёды вярталіся сілы.

У вас, маладых, азьвярэлых, бязьлітасных, з прадбачліва схаванымі за маскамі і шаломамі тварамі і налітымі сілай натрэніраванымі рукамі і нагамі, у вас, хто выконвае сёньня нялюдзскія загады, таксама ёсьць маці, і вы раней ці пазьней прыйдзеце ці прыедзеце да іх. Магчыма, яны, як і мая мама пагладзяць вас па руках і спытаюць: «Яны не стаміліся, сынок?»

І тады вы ўспомніце, як самааддана зьбівалі да паўсьмерці падлеткаў, катавалі мужчынаў, зьдзекваліся зь дзяўчатак. Вы ўспомніце, як гераічна стралялі ў бяззбройных людзей і кідалі ў іх гранаты.

Што вы скажаце тым, хто нарадзіў вас, як паглядзіце ім у вочы?

Але вашыя маці ўжо ўсё ведаюць. Вашыя маці пазнавалі вас, асатанелых ад крыві, і ў балаклавах. Я ніколі не паверу, што вашыя маці пляскалі вам у ладкі.

Вашыя маці скрозь сьлёзы спытаюць: “За што вы зьбівалі і калечылі, за што наводзілі прыцэлы на мірных людзей, якія хацелі толькі свабоды і праўды?

Што вы зробіце тады? Будзеце зьбіваць да паўсьмерці родную маці? Напэўна, вы гатовы да гэтага.

Вы ўжо робіце гэта, зьбіваючы і катуючы саму Беларусь.

Яна не даруе.

Паводле Радыё Свабода