20 чэрвеня закончыўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Прэтэндаваць на перамогу могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2019 года.
Падчас першага пасяджэння журы разгледзела дасланыя заяўкі і зацвердзіла поўны спіс намінаваных на прэмію кніг. Сёлета ён складаецца з 22 пазіцый.
Поўны спіс намінантаў
- Андрэй Адамовіч. Песня пра Цімура. Янушкевіч, Мінск, 2019
- Анатоль Астапенка. Муза сабачага сквера. Галіяфы, Мінск, 2019
- Вольга Гапеева. Кэмэл-Трэвэл. Галіяфы, Мінск, 2019
- Адам Глобус. Рысы. Логвінаў, Вільня, 2019
- Алесь Дзятлаў. Распад. Беларускі кнігазбор, Мінск, 2019
- Аліна Длатоўская. Арнаменты. Янушкевіч, МІнск, 2019
- Сяргей Дубавец. Тантамарэскі. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Менск, 2019
- Зінаіда Дудзюк. Закон захавання кахання. Чатыры чвэрці, Мінск, 2019
- Міхась Зізюк. Таямніца гары Міндоўга. Галіяфы, Мінск, 2019
- Мікола Ільючыц. Усмешка анёла. Беларускі кнігазбор, Мінск, 2019
- Сяргей Календа. Балтыйскія шкарпэткі. Логвінаў, Вільня, 2019
- Валер Каліноўскі. Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну. Беларускі кнігазбор, Мінск, 2019
- Зараслава Камінская. Калядны стол. Галіяфы, Мінск, 2019
- Давід-Алег Лісоўскі. Кніга. Барк, Гомель, 2019
- Вера Лойка. Апошні першы снег. Беларускі кнігазбор, Мінск, 2019
- Вінцэсь Мудроў. Восень у Вільні. Беларускі кнігазбор, Мінск, 2019
- Стася Наркевіч. Прывідаў пярсцёнак. Беларускі кнігазбор, 2019
- Алесь Пілецкі. Казкі па тэлефоне. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Менск, 2019
- Антон Піліпчык. Пакуль сонейка ззяе… Выдавец Р.М.Цымбераў, Мінск, 2019
- Людміла Рублеўская. Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара. Звязда, МІнск, 2019
- Ганна Севярынец. Гасцініца “Бельгія”. Рэгістр, Мінск, 2019
- Кірыл Стаселька. Дзевяць жыццяў Віта Морэ. Галіяфы, Мінск, 2019
У журы Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі: Ала Брадзіхіна, літаратуразнаўца, выкладчыца; Наста Грышчук, літаратурны крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Вера Жыбуль, літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца; Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры; Ціхан Чарнякевіч, літаратуразнаўца, крытык.
Прызавы фонд за першае месца на сённяшні дзень складаецца з дзвюх частак: падставовыя і ўжо традыцыйныя 11 тысячаў беларускіх рублёў, а да іх – унёсак кампаніі “Каррэнсі Ком Бел” у памеры 1000 даляраў ЗША ў эквіваленце. Арганізатары заклікаюць іншых спонсараў да супрацы з Прэміяй і падтрымкі беларускіх аўтараў: можна далучыцца да фінансавання прызавога фонда за першае, другое або трэцяе месца ці нават заснаваць спецыяльны прыз для кагосьці з шорт-ліста.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019).
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ўвосень.