25 сакавіка арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вырашыў назваць імя сёлетняга лаўрэата, паведаміў у сваім фэйсбуку заснавальнік прэміі Алесь Аркуш.
Гэта пісьменнік з Беласточчыны Міхась Андрасюк за кнігу «Поўня». Празаік жыве на ўскрайку Белавежскай пушчы на польскім баку.
Раман «Поўня» насамрэч пабачыў свет увесну 2019 года, хоць на вокладцы стаіць 2018-ы. Таму кніга не магла трапіць у шорт-ліст «Вялеса» за 2019-ы, бо шорт складаецца ў студзені. Улічваючы гэтую акалічнасць, аргкамітэт прыняў рашэньне ўключыць кнігу ў шорт за 2019 год.
Раман «Поўня» — адметная з’ява беларускай літаратуры. Гэта высокамастацкі замес рэальнага, містычнага, сямейнага, традыцыйнага, міфалагічнага, бытавога, мінулага і сучаснага. Кнігу прыхільна сустрэлі ў Беларусі. Летась яна атрымала другое месца прэміі Гедройца. У літаратурнай перыёдыцы з’явілася шмат водгукаў і рэцэнзій, піша Аркуш.
Паводле nn.by