«Блуканец» – перадсмяротныя (2002 – 2004 г.г.) мэмуары, паэта і перакладчыка, падсумаваньне 12-гадовага досьведу працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Беларускага ПЭНу.
Пабудаваная як дзёньнік камандзіровак аўтара па сьвеце, кніга ў той жа час адлюстроўвае ўвесь жыцьцёвы шлях Шэрмана, праз эпохі і кантынэнты. Усходняя Эўропа і Лацінская Амэрыка – геаграфічныя палюсы аповеду. Асабістае ў кнізе цесна пераплецена з грамадзкім, «маркесаўская» манера пісьма спалучаецца з трапнымі назіраньнямі над сучаснымі Шэрману сацыяльна-палітычнымі падзеямі Беларусі. Зьмяшчаем тут урывак з кнігі, што рыхтуецца.
«Мушу сказаць, што Беларусь здаецца вялізнай заляй чаканьня. Студэнты чакаюць сэсіі, каб крыху вучыцца ды хутчэй забыць усё да наступнае здачы іспытаў. Працаўнікі чакаюць выплаты заробку, каб раздаваць пазыкі і праз дзён колькі зноўку пазычаць. Крыху раней людзтва рабіла выгляд, што чакае сьветлае будучыні, але ўсё ж сёньня чагосьці чакае. Быў час, калі чакалі скону спарахнелых ачольнікаў, а таксама ўсталяваньня ўлады іншых. Інтэлектуалы чакаюць і па сёньня вяртаньня роднай мовы рукамі палітыкаў, якім ня трэба нічога, акрамя ўлады. Дэмакратычная апазіцыя рабіла ды робіць заявы пратэсту, ладзіць публічныя акцыі, чакае альбо шукае донараў, але дасюль не было карпатлівай працы з сабою і людзтвам, то бок сябрук за сябруком, сусед за суседам, дом за домам, бо неяк трэба ўплываць на грамадзтва, ня маючы іншых сродкаў, трэба аргумэнтаваць і быць зразуметымі. Хтосьці чакаў вынікаў ад пратэстаў і мітынгаў, ад зьбіцьця і арыштаў, ад выкрыцьця злачынстваў. Гэта ня рост уплыву, а чаканьне шанцу. Зьмены ў грамадзтве ўзнікаюць ня толькі пад пэўным уплывам, гэта хутчэй за ўсё сэгмент дзейнасьці, але тое, што ня робіцца, выпадае з кантэксту жыцьця.
Дэмакраты зьведалі партыйныя расколіны і ўзаемную варажнечу, але засталіся без свайго харызматычнага лідэра, бо асобы, на жаль, назначаюцца, тымчасам яны ня здолелі вызначыцца нават з мінулай кандыдатурай на прэзыдэнта, і ў выніку былая намэнклятура перахапіла ініцыятыву і высунула свайго кандыдата зусім наіўна, не па роўні падтрымкі грамадзтвам, а па ступені ўяўнай падтрымкі элітай нашай краіны, якая нібыта здольная штосьці вырашаць, напрыклад, зьняць галоўнага апанэнта альбо перайначыць вынікі выбараў. Ня робячы, а чакаючы, каб хоць хто-кольвек зьмяніў становішча здалёк. Здаецца, адна апазіцыйная моладзь зразумела свой сучасны шлях.
За рэдкім выключэньнем, усе жылі і жывуць у вялізнай залі чаканьня, нібыта ХХ стагодзьдзе паралізавала беларускае людзтва ці ня жахам, выцягнула стрыжань душы, ад якога нараджаецца прагнасьць да свабоды. Беларусы так і ня зьведалі дэмакратыі, таму і сёньня абыякавыя да яе. Адражэнцкі ўздым 1985-1995 гадоў быў загублены як шанец і мэтадычна зьнішчаны, і, як ні дзіўна, нанава вярнулася чаканьне. Здаецца, неўзабаве Бог адвернецца ад краіны, якая здольная адно што чакаць».
Крысьціянсанд, 2004