
Што будзе на імпрэзе?
Акрамя прэзентацыі кнігі, таксама адбудзецца вечарына салідарнасці з творцамі, якія праходзяць цяпер праз судовы канвеер за акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У імпрэзе возьмуць удзел пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Мастак Алесь Пушкін прадставіць “Турэмны альбом” — малюнкі і занатоўкі, зробленыя ў ізалятарах Смаргоні і Акрэсціна падчас адбыцця арышту за правядзенне акцыі ўшанавання памяці змагара антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.
Дзе і калі адбудзецца імпрэза?
Прэзентацыя адбудзецца ў чацвер, 30 студзеня, у 18:30 у офісе Беларускага ПЭН-цэнтра на вул. Залатая горка, 2-101 (метро Плошча Перамогі). Усе прысутныя змогуць атрымаць у падарунак выданні серыі “Беларуская турэмная літаратура”, а таксама ўзяць аўтографы аўтараў.
Хто такі Сяргей Скрабец?
У час дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі другога склікання (2000–2004 гг.) Сяргей Скрабец узначальваў нефармальную апазіцыйную дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Разам з калегамі Уладзімірам Парфяновічам і Валерыем Фраловым летам 2004 г. правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, а таксама за вызваленне палітвязня Міхаіла Марыніча. Быў асуджаны па эканамічным артыкуле.
Гэтая кніга яшчэ разам з “Турэмным альбомам” Алеся Пушкіна ўжо была адзначаная ў Дзень правоў чалавека-2019 Прэміяй імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.