Сябра Рады Беларускага ПЭНа Уладзімір Арлоў атрымаў штраф у 20 базававых велічынь за ўдзел у акцыях за Незалежнасць
Сёння ў судзе Ленінскага раёна г.Мінска вынеслі прысуд сябру Рады і аднаму з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Ўладзіміру Арлову. На акцыі, якая адбылася 8 снежня, пісьменнік чытаў сваё эсэ «Незалежнасць – гэта…», якое напісана ў 1990 годзе і перакладзенае на некалькі моў свету.
Арлоў заявіў хадайніцтва аб правядзенні працэсу па-беларуску. Хадайніцтва суддзя Кісляк задаволіў. Але наступнае хадайніцтва пісьменніка аб заяўленні сведкам Лявона Баршчэўскага суддзя адхіліў. Даючы тлумачэнні, Арлоў прачытаў сваё эсэ «Незалежнасць – гэта…».
Вынік суда – 20 базавых велічынь штрафу (540 беларускіх рублёў). Сведкі-міліцыянты па справе Арлова – Раман Герасімовіч і Андрэй Штоп.
Пасля суда Арлоў пачаставаў прысутных сушкамі, якія ўзяў з сабой, «рыхтуючыся да горшага».