Беларускі ПЭН-цэнтр віншуе з Раством усіх, хто святкуе сёння, беларускім перакладам верша Іосіфа Бродскага.
Аўтарка малюнка Лізавета Грышчук
Іосіф Бродскі
***
Няважна, што поруч было, і няважна,
пра што ім завея гудзела працяжна,
што цесна ў прытулку было пастуховым,
што лепшае месца не стала ім сховам.
Найперш, яны разам былі, па-другое
й галоўнае, – тое, што іх было трое,
і ўсё, што тварылі, варылі, дарылі, –
цяпер на тры часткі прынамсі дзялілі.
Марознае неба ў іх цішу начную,
як большы над меншым адвеку чуйнуе,
ўзіралася зоркай у пільным паглядзе,
што ўжо не схаваць ад вачэй Немаўляці.
Агонь дагараў. Усе спалі ў пячоры.
І зорка зацьміла ўсе іншыя зоры –
не ззяннем, што лішнім
здавалася бліскам,
а здольнасцю звязваць
далёкага з блізкім.
1990
Пераклаў Андрэй Хадановіч