Урачыстае мерапрыемства пачнецца на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” а 15:00 з адкрыцця выставы, прысвечанай смяротнаму пакаранню. На ёй можна будзе ўбачыць серыю малюнкаў “Апошні кат Эўропы” ад сусветна вядомага мастака-рэпарцёра і ілюстратара Джорджа Батлера, які падарожнічаў па Беларусі з Amnesty International у 2018 годзе. Таксама ў рамках выставы будзе прадстаўлены праект “Вышэйшая мера пакарання” беларускага фотажурналіста Сяргея Балая. Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Брытанскай амбасады.
10 снежня на пляцоўцы адбудзецца ўручэнне адразу двух прэмій у галіне правоў чалавека:
1) Нацыянальная прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека.
Беларускае праваабарончая супольнасць традыцыйна, адзінаццаты раз, вызначыць лаўрэатаў у трох намінацыях “Праваабаронца года”, “Журналіст года” і “Кампанія / ініцыятыва года”.
2) Прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
Яна была заснавана ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода.
У ходзе мерапрыемства таксама будуць абвешчаныя вынікі конкурсу фатаграфій, які праводзіць праваабарончая пляцоўка “Тэрыторыя правоў” да Дня правоў чалавека. Будзе абвешчаны аўтар самай крэатыўнай фатаграфіі з дэкларацыяй правоў.
Падзеі адбудуцца 10 снежня 2019 года ў Мінску на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” (вул. Ложынскай, дом 16, памяшканне 404, станцыя метро Уручча).
Пачатак імпрэзы а 15 гадзіне.