• Навiны
  • У Оршы ўпершыню прайшоў Фестываль Уладзіміра Караткевіча

У Оршы ўпершыню прайшоў Фестываль Уладзіміра Караткевіча

Апошняе абнаўленне: 3 снежня 2019
У Оршы ўпершыню прайшоў Фестываль Уладзіміра Караткевіча
30 лістапада ў Смалянах і Оршы адбыўся Фестываль Уладзіміра Караткевіча, прымеркаваны да 89-х угодкаў з дня нараджэння пісьменніка.
30 лістапада Беларускі ПЭН-супольна з Аршанскай філіяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны правялі ў Смалянах і Оршы Фестываль Уладзіміра Караткевіча, прымеркаваны да 89-х угодкаў з дня нараджэння пісьменніка. Фестываль, задуманы як вандроўка, адбываўся цэлы дзень і сабраў больш за паўсотні літаратараў і прыхільнікаў літаратуры з Оршы, Віцебску, Мінска ды іншых куткоў Беларусі.

Фестывальны дзень распачаўся экскурсіяй па Смалянах. На яе пачатку мела месца сімвалічная падзея. Паводле прапановы адной з арганізатарак, пісьменніцы і праваабаронцы Паліны Качатковай, Фэст Караткевіча далучыўся да сусветнай акцыі «Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання», якая ладзіцца па ініцыятыве каталіцкай Грамады святога Эгідыя. Менавіта 30 лістапада ў 1786 годзе ў італьянскім княстве Таскана ўпершыню ў гісторыі Еўропы было скасавана смяротнае пакаранне. Традыцыйна акцыя ладзіцца ў краінах, дзе не караюць смерцю: гарадскія ўлады ўключаюць падсветку на славутых помніках архітэктуры. Беларусь – апошняя краіна Еўропы, якая не скасавала смяротнага пакарання. Але ў спадзеве на тое, што гэта неўзабаве адбудзецца, удзельнікі фэсту запалілі два дзясяткі знічоў, упрыгожыўшы імі руіны Дамініканскага касцёла ў Смалянах.

Краязнаўца і настаўнік Смалянскай школы Віктар Мяжэвіч правёў вандроўнікаў па Дамініканскім касцёле і кляштары, балотным замку Белы Ковель, які належаў роду Сангушкаў і быў зруйнаваны ў пачатку XVIII ст. Звонку пабачылі драўляную царкву Святога Спаса, помнік архітэктуры барока (XVIII ст.). Таксама грамада завітала на Смалянскія могілкі, дзе ўшанавала памяць кіраўніка таварыстваў філаматаў і філарэтаў Тамаша Зана. Культуролаг Ірына Дубянецкая апавяла пра Зана, выбітнага дзеяча культуры ХІХ ст., натхняльніка шматлікіх грамадскіх рухаў, зазначыўшы, што для элітаў Беларусі ХІХ ст. Зан быў такім жа харызматычным лідарам, якім быў Караткевіч у стагоддзі ХХ-ым. Напрыканцы гэтай часткі праграмы экскурсантаў чакаў пачастунак у Смалянскай школе.

Пакінуўшы Смаляны, вандроўнікі выправіліся ў Оршу, дзе пабывалі на адкрыцці «Цудоўнай крамы», якая распачала ў Оршы гандаль сувенірамі з лакальнай і нацыянальнай атрыбутыкай. Краму заснаваў Ігар Казмерчак, рэдактар Аршанскага рэгіянальнага парталу orsha.eu. Да слова, менавіта на сродкі з прэміі, якую ўручыў Аршанскай філіі ТБМ гэты медыя-рэсурс, і быў праведзены фестываль. Улетку 2019 г. актывісты выдаткавалі частку гэтай жа прэміі на абнаўленне помніку паўстанцам Ігната Будзіловіча ў вёсцы Пагосцішча на Лёзненшчыне.
Фэст працягнуўся яшчэ дзвюма экскурсіямі: наведваннем Музею Уладзміра Караткевіча і экскурсіяй Паліны Качатковай па вуліцы Караткевіча і прыдняпроўскім раёне Оршы, дзе рос пісьменнік і дзе ён потым часта бываў і працаваў. Родны дом Караткевіча па адрасе вуліца Караткевіча 10, быў апісаны ў рамане «Нельга забыць» (1962 г.). Таксама на падворку захавалася пуня, якую сам пісьменнік жартам называў «мая летняя рэзідэнцыя» і дзе ў 1958 г. быў напісаны раман «Дзікае паляванне Караля Стаха».

У Оршы ўпершыню прайшоў Фестываль Уладзіміра Караткевіча

Дом і падворак былі адкрытыя ўдзельнікам фестывалю са згоды яго цяперашняга ўласніка, старшыні Савету заснавальнікаў ЗАТ «Патио» (гандлёвая марка «5 элемент»), мецэната Андрэя Балабіна. Падчас фестывалю ўмацаваліся спадзевы на тое, што неўзабаве родны Дом Караткевіча распачне сваю працу ў форме Музею і грамадскай прасторы.

Шпацыр скончыўся ў дзіцячым парку над Дняпром з ускладаннем кветак да помніка маладому Уладзіміру Караткевічу. Тут жа паэт Антон Рудак прачытаў верш «Валодзя Караткевіч на беразе Дняпра» са свайго дэбютнага зборніка «Верхні горад». Верш, калісьці натхнёны аршанскімі мясцінамі, паслужыў свайго роду эпіграфам для фестывальных чытанняў.

У кавярні «Замкавая» ў мурах Езуіцкага Калегіума адбылася другая частка фестывалю. У дыскусіі «Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю!» аб ролі Уладзіміра Караткевіча ў фармаванні новай ідэнтычнасці беларусаў узялі ўдзел пісьменнік Уладзімір Арлоў, філосаф Павел Баркоўскі, а таксама грамадская дзяячка, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. Мадэратаркай выступіла культуролаг Ірына Дубянецкая. Трансляцыю дыскусіі можна паглядзець на старонцы Беларускага ПЭН-Цэнтру ў фэйсбуку.

У літаратурна-музычным марафоне ўзялі ўдзел шматлікія творцы, якія жывуць або паходзяць з Оршы, а таксама літаратары, якія прыехалі на фестываль з Мінску. «У Беларусі вельмі бракуе значнай падзеі несталічнай, але разам з тым падзеі, якая аб’ядноўвае ўсіх», – зазначыў вядоўца імпрэзы Андрэй Хадановіч.
Напачатку прагучала прывітальнае слова ад пляменніцы Уладзіміра Караткевіча, захавальніцы ягонай спадчыны Алены Сінькевіч, якая падзялілася з прысутнымі сваім поглядам на тое, якой можа быць экспазіцыя новага музею ў Оршы, і выказала пажаданне, каб у яе былі ўключаныя малюнкі пісьменніка, копіі якіх яна перадала арганізатарам фестывалю.

Сюрпрызам зрабілася ініцыятыва аднаго з партнёраў фестываля – кампаніі «5 элемент», якая ўшанавала каштоўным падарункам – ноўтбукам – паэтку Настассю Кудасаву. Кудасава была адзначаная «за паэзію апошніх гадоў і ўдзел у захаванні памяці Уладзіміра Караткевіча ў яе родным Рагачове». Падарунак па просьбе мецэнатаў уручыў Уладзмір Арлоў, які выказаў спадзяванне, што ў будучыні «вандроўны фестываль» Караткевіча наведае і Рагачоў, дзе грамадская супольнасць таксама рыхтуецца ператварыць у музей дом сваякоў пісьменніка.
Настасся Кудасава была абвешчаная лаўрэаткай першага Фестывалю Караткевіча.

Падчас літаратурна-музычнай імпрэзы можна было набыць кнігі ад кнігарні «Акадэмкніга», а таксама «Логвінаў», генеральнага партнёра фестываля, які далучыўся да ініцыятывы з праектам «Вандроўная кнігарня». Літаратурны аўтобус вязе кнігі ды іх аўтараў у гарады, мястэчкі і вёскі Беларусі, туды, дзе найноўшая літаратура на беларускай мове маладаступная, паведаміла кіраўніца праекту Аляксандра Логвінава. «Вандроўная кнігарня» дзейнічае і як сацыяльная ініцыятыва, дорачы кнігі невялікім бібліятэкам, больніцам, інтэрнатам ды іншым установам, якія маюць у гэтым неабходнасць. Жыхары любога населенага пункту Беларусі могуць запрасіць «кнігарню на колах» да сябе, звязаўшыся з праектам праз сацыяльныя сеткі.

Беларускі ПЭН-цэнтр выказвае падзяку:
 усім літаратарам і музыкам, якія ўзялі ўдзел у імпрэзе ў гонар Караткевіча, у тым ліку Змітру Дзядзенку, Сержуку Доўгушаву, Аляксею Жбанаву, Яўгеніі Казловай, Настассі Кудасавай, Аляксандру Макарэвічу, Антону Рудаку;
 калектыву Музею Уладзіміра Караткевіча ў Оршы за цёплы прыём і экскурсію;
 мецэнату Андрэю Балабіну за спрыянне арганізацыі фестывалю 30 лістапада, а таксама за ўдзел у развіцці культуры і грамадзянскай супольнасці Беларусі праз апекаванне домам Уладзіміра Караткевіча і праз адрасную падтрымку маладых творцаў;
 кіраўніку Аршанскай філіі ТБМ Юрыю Нагорнаму за ідэю правядзення фестываля ў Оршы і фундаванне падзеі, –
і запрашае грамадскія і творчыя аб’яднанні, дзеячаў культуры, грамадскіх актывістаў ды іншых ініцыятыўных асобаў далучацца да арганізацыі юбілейнага фестывалю Караткевіча, праца над якім стартуе напачатку 2020 г.

P.S.:
Антон Рудак
ВАЛОДЗЯ КАРАТКЕВІЧ НА БЕРАЗЕ ДНЯПРА

Вецер хмары па небе ў сумёты збіраў
І яны застывалі ў маўклівым спакоі.
Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,
А краіна драмала ў снягах за ракою.

«Бог пакінуў яе. Пэўна, з дзесяць вякоў,
Як забыўся аб нашай няшчаснай радзіме,
Дзе не тое што цмокаў – няма й ветракоў,
Ані Донаў Кіхотаў, каб біліся з імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас з ёю саміх –
Дык на чорта малітвы да гэткага Бога?»
Раптам снег прыпыніўся і вецер заціх –
Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ўгару
І клалося ў снапы пад сярпамі калоссе,
Ён пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь,
І для першага разу някепска ўдалося.