Што адбываецца?
З 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва. У яго ёсць тры варыянты:
1. Інтэрнэт-перапіс (4-18 кастрычніка)
Перапісаць сябе і сваю сям’ю можна праз інтэрнэт на сайце census.by
2. Перапіс на стацыянарных участках (яны пералічаны на сайце Белстат) (4-30 кастрычніка)
3. Па месцы жыхарства (21 — 30 кастрычніка)
Перапісчыкі наведаюць тых, хто не змог перапісацца праз інтэрнэт або прайсці апытанне на стацыянарным участку
Чаго вы ад нас хочаце?
Мы звяртаемся да ўсіх, хто ведае, памятае або адчувае, што яго родная мова – беларуская, выбраць яе роднай падчас перапісу насельніцтва (пытанне нумар 12). Незалежна ад таго, на якой мове вы размаўляеце дома.
Мы ўпэўненыя, што родная мова – гэта не абавязкова першая засвоеная ў дзяцінстве. Гэта мова нашай радзімы, мова нашых дзядоў.
Чаму гэта важна і на што паўплывае мой адказ?
Паводле Закону аб перапіве насельніцтва вынікі апытання зробяцца асновай для фармавання дзяржаўнай палітыкі ў розных галінах жыцця краіны.
Чым большым будзе працэнт тых, для каго беларуская мова – родная, тым больш у нас шанцаўзахаваць нашу мову і культуру і зрабіць так, каб беларускамоўныя адчувалі сябе ў Беларускі так жа камфортна, як і рускамоўныя.
Перапіс насельніцтва – спосаб сказаць дзяржаве, што гэтае пытанне важнае для нас. Паставіць птушачку – маленькі ўчынак, які мае глабальнае значэнне. Гісторыю робім мы і гэта не складана.
Ці не выглядае гэта як маніпуляцыя? Бо многія сённяшнія беларускамоўныя людзі выхоўваліся ў рускамоўных сем’ях. А ў анкеце пасля пытання пра “родную мову” з’явілася ўдакладненне – “мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве”
На нашу думку, маніпуляцыя якраз з’яўляецца пастаноўка пытання ў пункце 12 анкеты: анкета фактычна заяўляе, што родная мова – гэта першая засвоеная ў дзяцінстве. Але гэта не так. Акрамя таго, першых, засвоеных у дзяцінстве моваў, можа быць некалькі, чаго бланк перапісу не прадугледжвае. Сёння нярэдка бываюць выпадкі, калі дзеці выхоўваюцца ў двух-трохмоўных сем’ях, калі розныя члены сям’і размаўляюць на сваіх мовах. дарэчы, у іншых краіназ ёсць практыка, дзе падчас перапісу насельніцтва роднымі можна пазначыць адразу некалькі моваў.
Але калі родная – не абавязкова “першая засвоеная”, то што такое родная?
Мы лічым, што перадусім гэта пытанне нашага выбару і нашых пачуццяў, нашага адчування таго, што для нас важна. Родная – гэтая такая мова, якую мы адчуваем такой.
Роднае – гэта тое, што абуджае нешта ўнутры. Гэта наша моц і пяшчота.
Беларуская – мова нашых продкаў, нашай краіны, нашай гісторыі. Ва ўсім свеце мясцовым (і асаблівам малым) мовам надаецца асаблівая ўвага і падтрымка.
Мы не жадаем, каб нашая мова знікла, бо яна – родная.
Вы хочаце навязаць беларускую мову і прымусіць усіх размаўляць па-беларуску? У нас і так кожны, хто хоча, можа гаварыць на беларускай мове, яму ніхто не перашкаджае
Мы супраць навязвання беларускай мовы і нейкай забароны рускай. Мы хочам толькі таго, што нам гарантуе Канстытуцыя РБ – роўных правоў для беларускай і рускай мовы.
Мы хочам, каб у беларусаў былі ўсе магчымасці карыстацца беларускай мовай у адукацыі, сферы абслугоўвання, дзяржаўных установах…
У Беларусі няма аніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання. Кожны год бацькам, якія хочуць, каб іх дзеці ў школах вучыліся на беларускай мове, даводзіцца выбіваць сабе гэтыя магчымасці (і не ва ўсіх атрымліваецца).
Мы хочам, каб у крамах, банках, дзяржаўных установах, на мытні і г.д. дакументы (фармуляры, анекты, дэкларацыі і пад.) былі даступныя на беларускай мове так жа, як яны даступныя на рускай мове. Мы жадаем, каб беларуская мова зрабілася такім самым сродкам камунікацы, як і руская.
Беларусь ужо наўрад ці стане аднамоўнай. Ды зрэшты і ў нашай гісторыі ёсць перыяды, калі ў краіне было ажно 4 дзяржаўныя мовы – і ўсе яны ўжываліся. З дзвюма (але раўнапраўнымі!) – справімся 🙂
Ці можа для мяне быць роднай мова, якую я не ведаю? Я са школьных урокаў белмовы не размаўляў па-беларуску
А ці ведаеце вы, што “буська”, “шуфлядка”, “калыханка” і цэлы шэраг іншых словаў, якія мы ўжываем, калі размаўляем па-руску, насамрэч беларускія. Іх няма ў рускай мове, на якой размаўляюць у Расіі. А можа, вы або вашыя бацькі “дзекаеце” і “цекаеце”? А можа, у вашых бацькоў або бабуляў-дзядуляў яшчэ захаваліся ў маўленні цвёрдыя “ч” і “р” або фрыкатыўнае “г”? А ці знаёмы вам беларускі дзэн – усеагульная млявасць і абыякавацсць да жыцця? Тады мы вас віншуем – ваша родная мова беларуская!
Многія беларусы пакаленнямі саромеліся свайго акцэнту, а часта нас пакутліва і доўга адвучвалі ад яго ў школах, але варта прызнаць: мы прасякнутыя беларускім вымаўленнем. І яно робіць нас унікальнымі. Так як рускамоўных уркінцаў можна беспамылкова пазнаць па іх вымове і інтанацыях, так і рускамоўныя беларусы на раз-два “чуюцца” расіянамі.
Нават калі мы ўпэўненыя, што не ведаем беларускай мовы, яна жыве ў нашых галосных і зычных, у нашых выгуках і ўспамінах.
Дайце буську беларускай мове!
Увага! Штосьці можа пайсці не так
Перапісчыкі, на жаль, не заўсёды агучваюць пытанні пра мову, аддаюць перавагу запаўненню анкеты на свой густ і разуменне. Зафіксаваны выпадкі, калі перапісчыкі нават дэзінфармуюць рэспандэнтаў, заяўляючы, што пытанняў “пра мову” ў бланку няма. Гэта няпраўда. Пытанняў пра мову два – нумар 12 і нумар 13.
Гэта важна! Калі вам не задалі гэтых пытанняў або адмовіліся ўнесці ваш адказ, калі ласка, напішыце нам пра гэта на адрас [email protected]. У паведамленні каротка апішыце сітуацыю і ўкажыце свае дадзеныя (імя, прозвішча, кантактны тэлефон), дадзеныя перапісчыкі (калі ведаеце), а таксама пазначце месца і дату праходжання перапісу.