Беларускі ПЭН-Цэнтр узяў удзел у фестывалі сацыяльных і культурных праектаў IBB JubiläumsFest, прысвечаным 25-годдзю Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імені Ёханэса Раў, прадставіўшы адукацыйную праграму, пра моўна-стылістычныя плыні ў актуальным літпрацэсе Беларусі. Справаздача арганізатаркі праграмы Марыі Мартысевіч:
“Найперш, вядома ж, дзякую камандзе Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імені Ёханэса Раў за выдатную ідэю і арганізацыю імпрэзы 1 верасня. Было прыемна пабачыцца з слухачамі, якія прыйшлі на нашу адукацыйную праграму, а таксама крыху паўдзельнічаць у імпрэзах па суседстве. Фармат атрымаўся плённым, і хочацца спадзявацца, такія імпрэзы яшчэ будуць адбывацца ў Мінску і непасрэдна ў ІВВ. У сеціве даступныя дзве вялікія фотасправаздачы з фэсту. Глядзіце рэпартажы Вікторыі Харытонавай і парталу relax.by.
Мэтай праграмы Беларускага ПЭНу «Новыя (ў)мовы белліту» было акрэсліць месца і ролю гаворак беларускай мовы, мікрамоваў, роднасных беларускай, а таксама самых розных «трасянак» у актуальным літаратурным працэсе. У выніку трохгадзінная праграма мела некалькі вымярэнняў. Спачатку мы пагаварылі пра літаратуры на мікрамовах, якія пачалі актыўна развівацца ў ХХІ стагоддзі. Пра падляскую лтаратуру і яе аўтараў у відэаблогу «Толькі пра літаратуру», запісаным адмыслова для імпрэзы, расказаў Ян Максімюк. Таксама мы слухалі, як гучыць падляская мова на прыкладзе некаторых твораў, агучаных пісьменніцай Галінай Максімюк і акторкай Яанай Троц. «Новый Завіт» у перакладзе на заходнепалескую гаворку Фёдара Клімчука прадставіла культурніцкая суполка «Традыцыя», а менавіта Сяргей Доўгушаў і Ірына Мазюк. Этнактывісты расказалі пра намер выдаваць праз краўдфандынг іншыя кнігі Фёдара Клімчука, якія захавалі для нас фальклор і мову палешукоў Драгічыншчыны. Таксама мы крыху паслявалі па-паляшуцку.
Адметнае супадзенне: паводле Яна Максімюка, кніга «Kazki po-svojemu» на Падляшшы вельмі хутка разыйшлася накладам 700 асобнікаў. Сяргей Доўгушаў паведаміў, што за год амаль вычарпаны 500-асобнікавы наклад «Нового Завіту», апошнія кнігі выдання можна набыць у менскай «Акадэмкнізе». Гэта, дарэчы, супадае з сярэднімі накладамі беларускамоўных кніг у Беларусі і можа сведчыць пра вялізную цікавасць лакальных супольнасцяў да хатняй, дзядоўскай моўнай спадчыны. Кнігі не толькі купляюцца – яны актыўна чытаюцца. «Захаванне мовы – гэта пытанне выжывання падляскай меншасці ў Польшчы», – падкрэсліў Максімюк у відэаблогу. Паводле перапісу насельніцтва Польшчы 2002 году на падляскай мове ў побыце дачыняюцца 69% жыхароў рэгіёну, поруч з 17% тых, якія гавораць дома гаворкамі беларускай мовы, і 14% польскамоўных. Пісаць «по-своему» – натуральнае рашэнне многіх творцаў Падляшша.
Этнаактывісты Іна Хоміч і Сяргей Лісіца прадставілі свае онлайн-праекты – «Дыялекты» і «Вольны архіў». Гэта два рэсурсы, якія цяпер развіваюцца ў інтэрнэце, і калі першы – гэта інтэрактыўны каталог беларускіх гаворак, то другі стваральнікі бачаць вэб-сегрэгатарам беларускага фальклору, запісанага філолагамі і этнографамі ад інфармантаў па ўсёй краіне. Мы паслухалі жывыя галасы – Ганны Канановіч з Лунінеччыны і Надзеі Віцянковай з-пад Чавуcаў. Захаванне галасоў мінуўшычы – адна з важных місій абодвух праектаў і безумоўна супадае з важнай місіяў літаратуры.
Пісьменнік Севярын Квяткоўскі прадставіў свой сатырычны раман «Каларадская пушча» з гледзішча мовы герояў. У постапакаліптычным Мінску з вуснаў персанажаў Квяткоўскага гучаць трасянка, «мацярок» – жывая моўная стыхія, якая, на думку Квяткоўскага, буяе ў сучасным Мінску, але рэдка сягае публічнай прасторы. Гэта мова кухняў, курылак, шпітальных палатаў і гастраномаў «на раёне». Не дзіва, што часам спроба адлюстраваць гэтае кайнэ ў мастацкіх творах сустракае неразуменне: «Гэта ўспрымаецца як здзек з простага чалавека», – тлумачыць пісьменнік.
Завершылася праграма дыскусіяй пад назвай: «Гаворкі, мікрамовы, “трасянкі” як самастойная мова літаратурнага твору. Патэнцыял і выклікі ў межах беларускага літаратурнага працэсу і па-за імі».
Размаўлялі культуролаг Максім Жбанкоў, лінгвіст Сяргей Запрудскі, этнаактывістка Іна Хоміч. Мы абмяркоўвалі моўна-стылістычныя феномены актуальнага літпрацэсу: заходнепалескую ды падляскую літаратуру, прозу на свамове і трасянцы. Найперш я задавала пытанні, цікавыя мне асабіста: «адукацыйная» ў анонсе азначала, што мы адукоўваем найперш мадэратарку. У сваіх пытаннях я абапіралася на досвед прачытання поўнага спісу сёлетняй Літаратурнай прэміі Ежы Гедройцаl, які ўразіў мяне сваёй моўна-стылістычнай амплітудай і, уласна, выклікаў жаданне пагутарыць з экспертамі.
Максім Жбанкоў выказаў безумоўную маральную падтрымку любым літаратурным практыкам, якія імкнуцца выкарыстоўваць жывую моўную стыхію: трасянку, гаворкі, слэнг, прафесійны жаргон і г. д. Гэтаму ён супрацьпаставіў «лабараторныя вопыты», – практыкі пурызму або штучнае кшталтаванне моваў і моўных плыняў, якімі, на ягоную думку, ёсць эксперыменты са свамовай, а таксама выдуманая мова бальбута – «гераіня» раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Першае, у адрозненне ад другога, пакрэсліў культуролаг, мае перспектыву і не выклікае жадання спытацца: «І што далей?»
Сяргей Запрудскі выказаў меркаванні пра мову раману Міколы Каляднага «Судуманне». Паводле ягоных словаў, тэкст ствараўся не проста аўтарам, які добра ведае мову, але і абазнаным у моўных спрэчках сучаснасці і мінулага. Аўтар у ХХІ стагоддзі працягнуў мастацкія эксперыменты Вацлава Ластоўскага, творча выкарыстаў яго спосабы тварэння слоў. Гэта, безумоўна, цікава з моўнага гледзішча. Аднак гэтыя шчыраванні могуць быць цікавыя пераважна нейкім гурманам у стылістыцы, гісторыкам мовы ці мовазнаўства. Але такіх людзей няшмат, не яны галоўныя «спажыўцы» літаратуры. І не гэта галоўнае для літаратуры. Калі гэты твор не здабудзе значных мастацкіх вышыняў, не зробіцца папулярным, то яго фундаменталісцкая моўная вышуканасць можа так і застацца забаўным эпізодам індывідуальнай словатворчасці. Наколькі прышчэпка свамовы зможа паўплываць на мову сучаснай літаратуры, пакажа будучыня.
Таксама Запрудскі агучыў сваё назіранне наконт трасянкі літаратурных твораў (яркі прыклад апошняга часу – дэтэктыўныя аповесці Камілы Цень). На ягоную думку, папулярнасць трасянкі ў мастацкай літаратуры апошняга часу мае ўрбаністычныя карані і звязана са зменай літаратурных генерацый і моўнай сітуацыі ў Беларусі ў цэлым. Калі для пісьменнікаў, выхадцаў з вёскі, трасянка – гэта звычайна непрыгожая штодзённасць, нецікавая руціна, то для пісьменнікаў-гараджан, «новых беларускамоўных», трасянка – гэта пэўная экзатычна-арыгінальная частка беларускай мовы, нейкі яе «інавацыйны» рэсурс. Гэтае літаратурнае пакаленне імкнецца «прыўлашчыць» трасянку, зрабіць яе «сваёй». Трасянка ператварылася ў частку ідыялекту багемы (для ілюстрацыі Запрудскі прачытаў урыўкі з лістоў Тацяны Сапач, друкаваных у «Дзеяслове»). Гарадскі літаратар можа «любіць» трасянку, у той час, як, існуючы ў стыхіі ўжо напаўразбураных гаворак, пісьменнік-вясковец можа ўспрымаць яе як неэстэтычны літаратурны сродак, як нешта варожае. «У нас няма трасянкі», – пацвердзіла Іна Хоміч, носьбітка заходнепалескага дыялекту, якая паходзіць з Камянеччыны.
У цэлым усе ўдзельнік дыскусіі выказаліся за свабоду мовы ў стыхі літаратуры. Аднастайнасць – нецікава, мова Беларусі чароўная найперш тым, як самыя розныя дыялектныя і плыні перацякаюць адна ў адну, узаемадапаўняючыся. Трапляючы на варштат пісьменніка, гэта ўсё толькі ўзбагачае мову беларускай мастацкай літаратуры, якую не варта блытаць з беларускай літаратурнай мовай.
Разгорнуты матэрыял паводле дыскусіі выйдзе сёлета друкам у часопісе «Дзеяслоў»”.