Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду. У яго ўвайшлі 3 кнігі:
Уладзімер Арлоў “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
Надзея Артымовіч “Краявід з невідочнай памылкай”. Выдавецтва “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток.
Марыя Мартысевіч “Сарматыя”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Цырымонія ўзнагароджання, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца 10 верасня а 19.00 у кафэ “Грай” (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Прыз за найлепшую паэтычную кнігу сёлета складае 4000 беларускіх рублёў.
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, другім — Алесь Разанаў з кнігай “Перавыбранае”.