• Навiны
  • Спачуванні Дзмітрыю Плаксу

Спачуванні Дзмітрыю Плаксу

Апошняе абнаўленне: 5 жніўня 2019
Спачуванні Дзмітрыю Плаксу
2 жніўня на марскім узбярэжжы ў Швецыі забіты Пётр Плакс — сын беларускага журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса.

2 жніўня на марскім узбярэжжы ў Швецыі забіты Пётр Плакс — сын беларускага журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса. Хлопцу было 16 гадоў.

Як піша мясцовае выданне Expressen, падлетак забіў Пятра сякерай у камуне Солентуна на поўнач ад Стакгольму — там было абсталяванае месца для купання. Пасля гэтага ён сам патэлефанаваў у паліцыю і прызнаўся ў злачынстве.

З цяжкімі пашкоджаннямі галавы пацярпелы верталётам хуткай дапамогі быў дастаўлены ў лякарню, аднак уратаваць яго не ўдалося.

«Ён спачатку марыў стаць піяністам-канцэртамайстрам, але потым сказаў, што будзе рабіць кар’еру эвалюцыйнага псіхолага. Пры гэтым ніколі не пакідаў фартэпіяна, працягваў іграць і браць урокі. — Пётр быў суперталенавіты: чытаў навуковыя кнігі, яму ўсё было цікава. 19 жніўня павінен быў пайсці ў школу… Найлепшы хлопец у свеце — заўсёды шчаслівы і з добрым настроем», — расказаў шведскім СМІ Дзмітрый Плакс.

Незадоўга да трагедыі Пётр з мамай Вольгай 10 дзён правялі ў Мінску. Малады чалавек сустракаўся з сябрамі і сваякамі, дзяліўся амбітнымі планамі.
4 жніўня ў школе, дзе вучыўся Пётр Плакс, адбылася мемарыяльная вечарына яго памяці.

Дзмітрый Плакс — пісьменнік, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў Мінску. З жонкай Вольгай даўно пераехалі ў Стакгольм, дзе Дзмітрый заснаваў беларускую службу «Радыё Швецыя». Сябра Шведскага ПЭНа, Саюза пісьменнікаў Швецыі і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ганаровы сябра Беларускага ПЭНа.

Беларускі ПЭН выказвае спачуванні Дзмітрыю Плаксу і яго блізкім з нагоды трагічнай смерці сына Пятра.