Выстава аднаго дня, дыскусія былых палітзняволеных і прагляд дакументальнага фільма «Этапом через пол-земли. История заключения Сенцова и Кольченко» адбудуцца 13 і 14 ліпеня.
13 ліпеня – дзень народзінаў украінскага рэжысёра, палітзняволенага Алега Сянцова. Ён сядзіць у расійскай калоніі ўжо 5 год, як сядзяць у шматлікіх калоніях людзі, якія знаходзяцца там за свае палітычныя погляды, перакананні, веру. Яго, крымчаніна, адправілі адбываць пакаранне спачатку ў паўночную Якуцію, а пасля перавезлі ў запалярны горад Лабытнангі. Алег Сянцоў стаў сімвалам усіх украінцаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Расіі.
Мы не заўжды можам паўплываць на лёс палітзняволеных і зрабіць штосьці, каб іх вызвалілі. Але ў нашых сілах праявіць салідарнасць і падтрымку – лістамі, мерапрыемствамі, акцыямі.
13 ліпеня, у дзень народзінаў Алега, мы хочам распавесці не толькі пра яго, а скарыстаць гэтую нагоду для патрымкі ўсіх несправядліва асуджаных ў Расіі і Беларусі.
Праграма:
13 ліпеня:
18.00 — адкрыццё выставы аднаго дня «Письма в клеточку». Яна складаецца з лістоў палітзняволеных – былых і цяперашніх, з іх малюнкаў і вырабаў. Вы зможаце прачытаць лісты, даведацацца болей пра іх аўтараў і самастойна напісаць ліст.
19.00 — дыскусія былых палітзняволеных: Паўла Вінаградава і Машы Алёхінай, удзельніцы Pussy Riot. Мадэратар: Яна Ганчарова, каардынатар праекта «РосУзник». Падчас дыскусіі мы паразмаўляем пра жыццё ў зняволенні, камунікацыі са знешнім светам. Ці важная падтрымка лістамі і акцыямі салідарнасці? Ці дапамагаюць такія акцыі?
Тут можна будзе напісаць ліст і падпісаць паштоўкі для палітзняволеных у Расіі і Беларусі. Таксама ахвочыя змогуць купіць кнігу Алега Сянцова «Купите книгу, она смешная».
Месца: ОК16 (вул. Кастрычніцкая, 16)
Падзея у Facebook
14 ліпеня
18.00 — праект “РосУзник”, Амбасада Украіны ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускі ПЭН-цэнтр запрашаюць на прагляд дакументальнага фільма «Этапом через пол-земли. История заключения Сенцова и Кольченко» пра іх крымінальную справу, пра сем’і і жыццё, пра гарады Расіі, дзе яны пабывалі не па сваёй волі. Фільм у 2018 годзе выпусціла “Громадьске радіо”. Пасля прагляду адбудзецца абмеркаванне фільму і пытанняў важнасці падтрымкі для ўсіх палітзняволеных.
На мерапрыемстве таксама можна будзе напісаць лісты Алегу Сянцову і іншым палітзняволеным.
Месца: вул.Машэрава 8, корп.9, 2 паверх, прастора “Другі паверх / The Second Floor”
Падзея у Facebook
PEN America апублікаваў заяву ў падтрымку Алега Сянцова. З тэкстам заявы можна азнаёміцца тут.