• Навiны
  • Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел у Вялікім брытанскім фестывалі

Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел у Вялікім брытанскім фестывалі

Апошняе абнаўленне: 25 чэрвеня 2019
Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел у Вялікім брытанскім фестывалі
23 чэрвеня ў Верхнім горадзе адбыўся Вялікі брытанскі фестываль, арганізаваны Амбасадай Вялікабрытаніі ў Беларусі.

23 чэрвеня ў Верхнім горадзе адбыўся Вялікі брытанскі фестываль, арганізаваны Амбасадай Вялікабрытаніі ў Беларусі. Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел у фестывалі і прадставіў сваю праграму на літаратурнай пляцоўцы.

Сямігадзінны літаратурны марафон пачаўся з віктарыны моўнай школы EN Discovery – удзельнікі правяралі свае веды ў класічнай і сучаснай брытанскай літаратуры. Пасля ўсе ахвочыя маглі наведаць майстар-клас па напісанні лімерыкаў, які правяла паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Літаратурная пляцоўка Вялікага Брытанскага фестывалю не магла абысціся без твораў пра Шэрлака Холмса – перакладчыцы кнігі “Знак чатырох” Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская правялі “віктарыянскую віктарыну” для фанатаў дэтэктыву.

Асаблівым пунктам праграмы стала прэзентацыя зборніка стараангельскай паэзіі, перакладзенага Ігарам Куліковым: ён загадваў старажытныя загадкі, адказы на якія не так проста было знайсці. Не менш захапляльнай была прэзентацыя беларускамоўнага выдання кнігі Ніла Гэймана “Караліна” – перакладчыца Дар’я Вашкевіч задала наведнікам пытанні па творчасці аўтара брытанскіх бестсэлераў. Яшчэ пра адну культавую кнігу распавёў гасцям фестываля Андрэй Кім – перакладчык серыі “Хронікі Нарніі”: “Пляменнік чараўніка”, “ Леў, вядзьмарка і гардэроб” Клайва С. Льюіса. Падчас падвойных чытанняў па-ангельску і па-беларуску гучалі ўрыўкі з Уільяма Шэкспіра, Джэрома К. Джэрома і Артура Конан Дойла. Па-беларуску творы агучылі Марыя Мартысевіч і Вера Бурлак (якая і пераклала аповесць ”Сабака Баскервіляў”), а па-ангельску іх зачытаў брытанскі выкладчык Люк Болтан-Сміт.

Увечары госці фестываля маглі паглядзець інтэрактыўны спектакль сямейнага інклюзіў-тэатра “І” паводле кнгі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”, а таксама паслухаць прэзентацыю рамана Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”, наведаць танцавальны майстар-клас ад студыі “La Camargo” і адчуць сябе Элізабэт Бэнэт ці містэрам Дарсі.

Скончылася літаратурная праграма прэзентацыяй раману нобелеўскага лаўрэата Кадзуа Ісігура “Не адпускай мяне” і эфектным перакладчыцкім слэмам серыі “Паэты планеты”, дзе перамог Уільям Батлер Ейтс у перакладах Андрэя Хадановіча і выкананні Марыны Шода.

Беларускі ПЭН-цэнтр выказвае падзяку ўсім партнёрам, якія ўдзельнічалі ў фестывалі: моўнай школе EN Discovery, кніжнай серыі “Паэты планеты” (выдавецтва “Зміцер Колас”), кніжнай серыі PostScriptum (анлайн-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”), 
кніжнай серыі “Каляровы ровар” Саюза Беларускіх пісьменнікаў, выдавецтву “Логвінаў” , выдавецтву “Галіяфы”, выдавецтву “Янушкевіч, сямейнаму інклюзіў-тэатру “І” , студыі гістарычнага танцу “La Camargo”, Аляксею Стрэльнікаву, Максіму Карасцялёву, Люку Болтан-Сміту.

Беларускі ПЭН-цэнтр прыняў удзел у Вялікім брытанскім фестывалі