Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед мастака Алеся Пушкіна, які 6 чэрвеня затрыманы за перформанс у абарону беларускай мовы ў Крупках.
6 чэрвеня 2019 года вядомы беларускі мастак-перформер быў затрыманы з выкарстаннем фізічнай сілы супрацоўнкамі міліцыі ў горадзе Крупкі.
У гэты дзень Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Еўраопт» у цэнтры Крупак з плакатамі «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе»), «Russia – war!» («Расея – вайна!») і партрэтам Пуціна, а таксама плакатам «Беларусь у NATO». Пры затрыманні мастака яго творы-плакаты былі канфіскаваныя міліцыяй. Месца перформансу абрана невыпадкова – 8 траўня ў гэтай краме адбыўся канфлікт Алеся Пушкіна з ахоўнікамі, якія агрэсіўна адрэагавалі на беларускую мову і паспрабавалі гвалтам выдаліць мастака з гандлёвай залы.
Беларускі ПЭН-цэнтр расцэньвае чарговае затрыманне Алеся Пушкіна як наступ на свабоду выказвання ў Беларусі і патрабуе неадкладна вызваліць мастака.
Алесь Пушкін – мастак, які ўжо 30 гадоў выступае за абарону беларускай мовы і здзяйсняе акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі.
25 сакавіка ў 1989 годзе Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Алеся Пушкіна асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна.
У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс “Падзяка прэзідэнту”. 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін, прыкаціў да рэзідэнцыі прэзідэнта тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі і партрэт Лукашэнкі.
10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва “Недазволена цэнзурай”.
У 2012 падчас 10-суткавага арышту ў Смаргоні стварыў шэраг малюнкаў “Мастак за кратамі”.
Алесь Пушкін неаднаразова падвяргаўся адміністратыўным арыштам за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання мастака збівалі супрацоўнікі міліцыі.
На сёння, 7 чэрвеня, Алесь Пушкін застаецца ў Крупках пад вартай і чакае суда.