
Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную паэтычную кнігу.
Склад журы:
Дзмітры Строцаў – паэт, стваральнік альманаху “Минская школа”, арганізатар літаратурных мерапрыемстваў;
Лера Сом – паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры;
Анжэла Мельнікава – літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца;
Міхаіл Бараноўскі – паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
Марыяна Кіяноўская – паэтка, перакладчыца, крытык, літаратуразнаўца.
Прыём заявак доўжыцца да 14 чэрвеня. Каб падаць заяўку, запоўніце форму. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906).
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook.
Статут прэміі можна пачытаць тут.