За апошнія паўгады да Беларускага ПЭН-цэнтру далучылася некалькі выбітных і талентавітых творцаў. Прадстаўляем вам новых сябраў ПЭНа!
Ігар Крэбс – перакладчык нямецкай паэзіі і прозы, а таксама паэтычных твораў з іншых моў. Пераклаў лірыку Г. Гайнэ, Г. Гайма, Б. Штэрна, казкі В. Гаўфа, “Прыгоды барона Мюнхгаўзэна” Г.А. Бюргера і Р.Э. Распэ, “Габрэйская дзяржава” Т. Герцля. Сябра Рады інтэрнэт-часопіса “Прайдзісвет”.
Марына Шода – выкладчыца міфалогіі, сусветнай літаратуры і культуры ў БДУ, перакладчыца з польскай і ўкраінскай мовы. Пераклала творы Славаміра Мрожака, Вольгі Такарчук, Чэслава Мілаша, Юрыя Андруховіча, Яраслава Івашкевіча, Януша Корчака і іншых аўтараў.
Вольга Прусак – драматург, рэжысёрка дакументальных стужак. Скончыла факультэт міжнародных зносін БДУ па спецыяльнасці “культуралогія”. Працуе ў Беларусскім тэатры “Лялька” у Віцебску. Першая п’еса, напісаная ў 2016 годзе, атрымала Прыз Тома Стоппарда “Яркі дэбют”. У Беларускім Свабодным Тэатры рэжысёрам Уладзімірам Шчэрбанем зроблены два спектакля па п’есах Вольгі – “Дэжавю” і “Сёння ніхто не нарадзіўся”.
Кінастужка “Бел-79”, дзе Вольга выступіла рэжысёркай і сцэнарысткай, паказвалася на фестывалях “Артдокфэст” у Маскве і “Is Real” у Італіі.
Людміла Рублеўская – пісьменніца, паэтка, журналістка. Аўтарка шматлікіх кніг прозы, паэзіі, гістарычных эсэ. За раман “Сутарэнні Ромула”, які даследуе тэму сталінскіх рэпрэсій, у 2011 годзе атрымала прэмію імя Францішка Багушэвіча. Раман “Авантуры студыёзуса Вырвіча” з серыі авантурна-прыгодніцкіх раманаў, дзеянне якіх адбываецца ў 18 стагоддзі, узнагароджаны прэміяй “Кніга году-2014”.
Аляксей Шэін нарадзіўся ў 1976 годзе. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. За раман “Сем камянёў” атрымаў міжнародную прэмію Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society) у намінацыі “Лепшы дэбют”.
Узнагароджаны дыпломам “Пяцёрка лепшых беларускіх аўтараў”, які ўручаецца сістэмай дзіцячых бібліятэк Мінска. Пераможца літаратурнага конкурсу “Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава, які праводзіўся Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Анатоль Астапенка – аўтар больш за 200 навуковых, навукова-метадычных, публіцыстычных артыкулаў, эсэ, твораў у жанры “non-fiction” і прозы. Аўтар кніг “Паслухайце нацыяналіста” (2000 год), “Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце” (2004 год), “Игде зродилися и ускормлены суть по Бозе. Дослед беларускага нацыяналізму” (2010 год). У 2012 годзе пад псеўданімам Антон Кулон выдаў кнігу “Сіняя кніга беларускага алкаголіка”, напісаную ў жанры non-fiction.
Анатоль Астапенка напісаў творы, прысвечаныя жыццю і творчасці Міколы Ермаловіча, Мікалая Крукоўскага, Міхася Стральцова, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Конана, Барыса Сачанкі, якія былі выдадзеныя ў серыі “100 выдатных дзеячоў беларускай культуры”. У 2017 годзе выйшла яго кніга прозы “Між светам тым і гэтым”, а годам пазней бестсэллер 2012 года быў перапрацаваны і надрукаваны ў выдавецтве “Галіяфы” пад назвай “Сіняя кніга беларускага алкаголіка ПЛЮС”. У 2019 годзе Анатоль Астапенка выдаў раман “Муза сабачага сквера. Незвычайныя гісторыі ад Антона Кулона”.
Юлія Шарова нарадзілася ў 1979 годзе ў Гомелі. Скончыла вакальнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі і факультэт псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка. Раней болей за 10 гадоў працавала ў СМІ, цяпер займаецца літаратурай і стварае мастацкую прозу. У 2012 годзе апублікавала раман “Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік” (электроннае выданне), за які ў 2013 годзе атрымала прэмію “Дэбют”. У 2018 годзе выдала раман “Вяртанне Ліліт”. Жыве ў Мінску.