12 красавіка 14.00 у Мінску ў адукацыйнай прасторы Тэрыторыя правоў (Уручча, Ложынская 16, памяшканне 404) адбудзецца прэзентацыя альбома „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”. У альбоме 435 фотаздымкаў, прысвечаных праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама дзейнасці кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, якой сёлета спаўняецца 10 гадоў.
У падрыхтоўцы ўнікальнага выдання бралі ўдзел сябры Беларускага ПЭН-цэнтра: Алесь Бяляцкі, які напісаў прадмову, і Паліна Качаткова (Сцепаненка) – займалася ўкладаннем альбома.
Альбом выдадзены на беларускай і ангельскай мовах. Англійскі варыянт фотаальбома быў прэзентаваны падчас 7-ага Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Брусэлі 28 лютага 2019 года.
Фотаальбом “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 год змагання” быў выдадзены дзякуючы падтрымцы Дыпламатычнага прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі і Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека.
Фота з альбома: У камеры смяротнікаў, СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага 1, Менск 2006 год.