• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый з нагоды падзеяў у Курапатах

Заява праваабарончых арганізацый з нагоды падзеяў у Курапатах

Апошняе абнаўленне: 4 красавіка 2019
Заява праваабарончых арганізацый з нагоды падзеяў у Курапатах
Раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты дэмантавалі і вывезлі мемарыяльныя крыжы, усталяваныя летась грамадскімі актывістамі.

Раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты дэмантавалі і вывезлі мемарыяльныя крыжы, усталяваныя летась грамадскімі актывістамі. Хто прыняў рашэнне пра дэмантаж крыжоў, куды іх вывезлі і што з імі будзе далей дагэтуль невядома.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгазу Аляксандр Мірановіч, які знаходзіўся ў Курапатах, адмовіўся размаўляць з журналістамі і патлумачыць ім, што адбываецца. Каля 12 гадзін пачаліся працы па ўстаноўцы металічнай сеткі вакол урочышча.

Былі затрыманыя 15 абаронцаў Курапат, у тым ліку Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Ніна Багінская, Дзяніс Урбановіч, Піліп Шаўроў, Валер Рабцаў. Паводле інфармацыі міліцыі, яны затрыманы “для высвятлення асобы і правядзення праверкі”.

Курапаты з’яўляюцца найбольш вядомым месцам масавых расстрэлаў, якія ажыццяўляў НКУС на тэрыторыі Мінска. На працягу 30 год людзі стваралі народны мемарыял у месцы нацыянальная катастрофы.

У Курапатах неаднаразова здараліся акты вандалізму, але вандалы ніколі не былі знойдзены і прыцягнуты да адказнасці. Наступствы вандалізму ліквідуюць самі людзі. Дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў па ахове Курапат.

Сённяшні знос крыжоў мы расцэньваем як акт вандалізму з боку органаў улады. Гэта акт знішчэння народнай памяці.

Мы патрабуем:

– неадкладна спыніць працы па дэмантаванні крыжоў у Курапатах;
– вярнуць дэмантаваныя крыжы на месца;
– патлумачыць, хто і з якой мэтай дэмантаваў крыжы сёння;
– надалей усе планаваныя працы ў Кураптах загадзя ўзгадняць і абмяркоўваць з грамадскасцю і ўлічваць яе меркаванне;
– забяспечыць належную ахову мемарыялу і прадухіліць новыя акты вандалізму;
– вызваліць усіх затрыманых абаронцаў Курапат.

4 красавіка 2019


Беларускі ПЭН-цэнтр
Беларускі дом правоў чалавека
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
РГА “Прававая ініцыятыва”
Цэнтр прававой трансфармацыi
БАЖ
Беларускі дакументацыйны цэнтр
Таварыства “Ініцыятыва FORB”