У 83 гады памёр перакладчык Васіль Сёмуха. Беларускі ПЭН спачувае родным і блізкім пісьменніка.
Васіль Сёмуха перакладаў з нямецкай, польскай, латышскай, лацінскай, іспанскай, нарвежскай, армянскай, украінскай і іншых моў.
Нарадзіўся 18 студзеня 1936 года на хутары Ясенец Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і лесніка. У 1959 годзе скончыў рамана-германскае адзьдзяленне філялягічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Ламаносава. Працаваў рэдактарам, інжынерам, выкладчыкам нямецкай мовы ў школе, літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, выкладаў нямецкую мову ў БДУ. З 1972 па 1994 быў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Васіль Сёмуха пераклаў Біблію, Стары і Новы Запаветы на беларускую мову. З нямецкай перакладаў творы Гётэ, Шылера, Гейнэ, Гофмана, Грымельсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дзюрэнмата, Гесэ, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых; з польскай – Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю; з латышскай мовы – Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса ды іншых.
За плённую перакладніцкую дзейнасць Васіль Сёмуха быў узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй”, з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, мае вышэйшую ўзнагароду Латвіі “Ордэн Трох Зорак”.
Развітанне з Васілём Сёмухам адбудзецца 6 лютага.
10:00 – 14:45 – рытуальная заля 1 (Альшэўскага 12)
14:45 – аўтобусы ад’язджаюць у крэматорый (Паўночныя могілкі)
17:00 – кавярня “Кававае дрэва” (Панамарэнкі 34)