“Гарадскі вал” пазіцыянуе сябе як гурт з выразна ўрбаністычным, нават менскім характарам. А таму паэзія Антона Рудака, натхнёная сталічнай гісторыяй, апынулася блізкая музыкам. У новы рэліз увайшлі дзве кампазіцыі: “Серабранка” і “Элвіс”.
Апроч вакаліста Рамана Абрамчука, у запісе сінгла ўзялі ўдзел Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс), Fryd (саксафон), Саша Карабань (бас-гітара, кантрабас), Ігар Адасік (перкусія) і Уладзь Пыльчанка (акардэон).
Малюнак для вокладкі рабіла мастак-іканапісец Ксіша Ангелава. “У нейкі момант скончыўся залаты фламастар, і прыйшлося карыстацца сапраўднай залатой фарбай для абразоў, класці залатую аснову і маляваць паверх яе. Начной падборкай шрыфтоў у такт новым трэкам займалася Юля Янюк-Казлоўская. Маліцца на вокладку не заклікаем, але нам верыцца, што і ў гэтай працы прысутнічае зорны пыл”, – распавядаюць музыкі.
Гурт не ўпершыню звяртаецца да беларускай паэзіі – у леташняй кружэлцы “Чалавечынка” ўжо былі песні на словы Антона Рудака, а таксама Наталлі Васілевіч і Змітра Захарэвіча.
Канцэртная прэзентацыя новага сінгла “Серабранка” і альбома адбудзецца 3 сакавіка ў кавярні “Грай” (уваход вольны).