“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую

Апошняе абнаўленне: 14 снежня 2018
“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую
6 снежня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні, прысвечанае дзіцячай літаратуры.

6 снежня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні, прысвечанае дзіцячай літаратуры.

Дакладней, перакладу дзіцячай прозы з нямецкай мовы. Сяргей Матырка прадставіў на суд калегаў некалькі фрагментаў Эрвіна Мозэра ў сваіх беларускіх перакладах. Эрвін Мозэр (1954-2017) – выбітны аўстрыйскі дзіцячы пісьменнік і мастак. У нямецкамоўнай прасторы знакаміты перадусім сваімі кнігамі пра мышак Мануэля і Дзідзі, а таксама зборнікамі кароткіх гісторый на ноч. Кніга “Фантастычныя гісторыі на дабранач” (так пакуль выглядае працоўны варыянт беларускай назвы) – гэта падборка з 88 кароткіх фантастычных гісторый.

“Уласна да моманту, калі беларускі выдавец згадаў пра гэтага аўтара, – апавядае Сяргей Матырка, – я анічога пра Мозэра не ведаў, хаця ў нямецкамоўных краінах гэтага аўтара з пэўнай доляй упэўненасці можна назваць хрэстаматыйным: яго кнігі можна пабачыць ледзь не ў кожным садку ці ў дзіцячым пакойчыку любой установы. Таксама трэба адзначыць ілюстрацыі да кніг. Яны яскравыя, з запамінальнымі персанажамі і вобразамі, з процьмай дробных дэталяў, яны сустракаюцца лічы што на кожным развароце яго кнігі. Хоць тэксты Эрвіна Мозэра невялікія па аб’ёме, кожны з іх мае свой характар. На першы погляд, можа падацца, што напісаныя яны даволі проста, ледзь не дзіцячай мовай, але за імі, як на мяне, хаваецца нешта большае, часам магічнае, а часам філасофскае”.

Адной з найважнейшых праблем перакладу было якраз знайсці гэтую лінію, што спалучала б простасць – і глыбіню, падкрэслівала і выкрышталізоўвала б аўтарскую задуму. “Гісторыі Мозэра, – кажа перакладчык, – вельмі багатыя на фантазію: хапае пары абзацаў – і сіла ўяўлення панеслася з касагорыцы на дзявятай павышанай перадачы трактара МТЗ. Разам з тым, гэтыя гісторыі заканчваюцца, як той казаў, на самым цікавым месцы. Пэўна, для таго, каб дзіця, якога бацькі паклалі спаць, пасля гэтых гісторыі працягвала фантазіраваць у ложку на распачатыя кнігай тэмы, каб потым спакойна заснуць і ўбачыць салодкія сны. Не дзіва, што героі гісторый Мозэра – клёвыя пухнацікі: коцікі, мышкі, мішкі, кенгуру, каалы”.

Перакладчык звярнуў увагу наведнікаў майстэрні на тое, што амаль усе персанажы Мозэра маюць вымоўныя, як той казаў, гаваркія імёны. Выдумляючы іх, аўтар часта каламбурыць, гуляецца словамі. І перакладчык часам не мае іншага выйсця, як адысці ад даслоўнасці, затое захаваць аўтарскую задуму, каламбурачы ўжо на нашай мове. Так з’яўляюцца асёл Коньстанцін, браты Кацціні, кот Рудахвост… У сваім мастацкім свеце пісьменнік таксама часта перайначвае звыклыя для нас рэаліі, таму і па-беларуску мядзведзі, скажам, гуляюць у кошкі-мішкі, маланкаадвод робіцца маланкапалохам, самалёт імгненна ператвараецца ў веласамалёт, майстар-вожык робіць са звычайнага ложка хуткасны ложкамабіль… “Тут таксама, – кажа Сяргей Матырка, – даводзіцца пагуляцца фантазіяй, каб “выкапаць” годны адпаведнік. Спадзяюся, што ў маім перакладзе Мозэр не згубіць сваёй неверагоднай пухнатасці і баю-баюшнай дасціпнасці”.

Вядома ж, апошняе слова ў ацэнцы належыць чытачу. Таму проста прапануем два фрагменты з казачнага свету Эрвіна Мозэра – як прыклад перакладчыцкай стратэгіі Сяргея Матыркі і як анонс будучага беларускага выдання “Фантастычных гісторый на дабранач”.

Цырк сям’і Кацціні

Цыркавая трупа братоў Кацціні складалася з васьмі надзвычай таленавітых катоў. Усе спрэс першакласныя артысты. Трупа выступала шмат у якіх цырках і паўсюль была хвастом праграмы.

Кот Муркс быў жанглёрам, кот Атыла – найлепшым у свеце партэрным акрабатам, Велімір і Зігурд выраблялі цуды на трапецыі, Герміона Маўс і Саша “Аксамітная лапка” былі выбітнымі коткамі-канатаходкамі, а браты Альберт і Ёхан Кацціні славіліся акрабатычнай клаўнадай. Ідэя заснаваць найлепшы ў свеце брацка-акрабацкі цырк належала якраз Ёхану Кацціні. За лічаныя месяцы братам удалося набраць цыркавую трупу — і нарадзіўся цырк сям’і Кацціні!

Васьмёра катоў вандравалі ў вагончыку з горада ў горад з сваёй эксклюзіўнай праграмай. Дзе б яны ні з’явіліся, народ ішоў на прадстаўленні. Ды што ішоў, проста валам валіў. Кожнага разу аншлаг быў забяспечаны. Адпаведна, узняліся і даходы цырка, а праз год усе васьмёра катоў і котак зрабіліся мультымільянерамі.

Такі трывалы сусветны звышпоспех зусім распесціў васьмярых артыстаў. Яны неймаверна разбагацелі. Дык навошта тады напружвацца? Неўпрыкмет яны раз-пораз пачалі падхалтурваць – і выступалі ўсё менш і менш. Але самае прыкрае тое, што каты перасталі сачыць за фігурамі. Яны перыядычна пераядалі. Задавольваліся толькі найлепшым. Бывала, што цэлымі тыднямі яны жылі на адных тартах і вяршках. Доўга так цягнуцца не магло.

Праз год артысты цырка братоў Кацціні зрабіліся нязграбнымі няўклюдамі. Пра выступленні ўжо не ішло ніякай гаворкі: публіка іх асвістала б. Грошы яшчэ заставаліся, таму цыркачы збольшага адлежвалі сабе бакі.

Але мінуў яшчэ год, і аднойчы грошы скончыліся. Толькі тут каты апамяталіся і зноў пачалі трэніроўкі. На лужку ў зусім вузкім коле далі яны сваё першае прадстаўленне. Яны захацелі паказаць эквілібрыстычны нумар са сталом, мячыкам, качалкай і бутэлькай. Ці атрымаецца ў іх?

Карабель з назвай “Абыкуды”

Хадзіў сабе па белым свеце адзін кот. Хадзіў ён, хадзіў і заўсёды быў у гуморы. Начаваў у адрынах або ў закінутых хатах, а днём ішоў сваёй дарогай. Хадзіў ён без нічога і без нікога.

І вось аднойчы ў лесе кот сустрэў мядзведзя.

– Куды ты ідзеш? – спытаўся ў яго мядзведзь.
– Абы-куды! – адказаў кот.
– Абыкуды? – перапытаў мядзведзь. – А як яно там, у той Абыкудзе?
– Цудоўна! – сказаў кот.
– Тады я з табой! – вырашыў мядзведзь.

Так яны і пайшлі, і ішлі сабе, пакуль аднойчы не выйшлі да горада, які ляжаў ля мора. Дайшлі да порта, далей ісці не было куды.

– Нам трэба карабель, – сказаў мядзведзь. – Абыкуды ж за морам, праўда?
– Ага, – пацвердзіў кот. – Трэба купіць карабель.

І яны пайшлі на гарадскі рынак. Там мядзведзь штодзень танцаваў, а людзі глядзелі на яго і кідалі грошы. І ўжо праз месяц кот з мядзведзем назбіралі іх дастаткова. У аднаго старога кітайца яны купілі невялічкі караблік з ветразем. А яшчэ ў кітайца быў паўлін. Яго кітаец прадаў у нагрузку, бо паўлін не хацеў пакідаць карабля.

Кот прыбіў да карабля шыльду. На шыльдзе было напісана: АБЫКУДЫ. Потым, добра загрузіўшы карабель правіянтам, яны аддалі швартовы.

Яны ўсё плылі і плылі, мінула шмат дзён, потым шмат тыдняў. Мядзведзь вудзіў рыбу, кот збольшага стаяў на носе карабля і глядзеў у падзорную трубу. А паўлін сядзеў на даху каюты.

– Мядзведзю, а куды мы плывём? – спытаўся аднаго разу паўлін.
– У Абыкуды, – сказаў мядзведзь, і яго сумныя вочы радасна заблішчэлі.
– У Абыкуды, – паўтарыў паўлін. – Абыкуды – гэта добра, бо Абыкуды – паўсюль, а плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода!

Паўлін быў вельмі разумны, бо доўга пражыў у старога кітайца, а кітайцы ж людзі мудрыя…

“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую

“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую

“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую

“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую

“Плаваць паўсюль – гэта і ёсць свабода”: дзіцячыя гісторыі Эрвіна Мозэра перакладаюцца на беларускую