Дзіцячая кніга з сучаснымі казкамі і папяровымі ілюстрацыямі

Апошняе абнаўленне: 15 чэрвеня 2018
Дзіцячая  кніга з сучаснымі казкамі і папяровымі ілюстрацыямі
Выдавецтва “Галіяфы” распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне кнігі “Дом цікаўных казак” Надзеі Ясмінскай.

Выдавецтва “Галіяфы” распачало краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на выданне кнігі “Дом цікаўных казак” Надзеі Ясмінскай. За 2 тыдні праект сабраў 102% ад неабходнай сумы.

Кніга складаецца з 10 гісторый, дзеі ў якіх адбываюцца ў сучасным свеце і таму дзеці могуць пазнаць у маленькіх героях сябе. Усе казкі даволі ёмістыя і кароткія ― тое, што трэба для чытання нанач і ўтульных вячорак з кнігай.

“Да кожнай казкі прыкладаецца так званая “думачка” ― гэта мудрая думка, што прыйшла герою пасля сустрэчы з дзівам. У кніжцы няма павучання, але ёсць таблічка з такой “думачкай”, якая вісіць на кожных дзвярах. Пры жаданні бацькі могуць абмеркаваць з дзецьмі гэтую думку, правесці паралелі з рэальным жыццём. І тады кожная казка стане для дзяцей не проста маленькай прыгодай ― яна пакіне глыбейшы след”, ― кажа Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі.

Для таго каб праілюстраваць гэтую кнігу, мастачка Алена Сацута выразала і склеіла 1600 папяровых дэталей!

“Усе ілюстрацыі скрупулёзна зроблены з паперы ўручную ― у маёй аўтарскай тэхніцы папяровага калажу. Такая тэхніка ілюстрацый вельмі дакладна перадае “дзіцячасць”, цяпло і дабрыню казак. Працэс стварэння ілюстрацый працаёмкі, і таму для мяне вельмі значна ілюстраваць тое, што мне да душы і мае важны глыбокі сэнс. Надзеіны казкі з мудрымі думкамі для дзяцей прасякнуты любоўю і добрым стаўленнем да наваколля ― ідэальны матэрыял для мяне як для творцы”, ― распавядае Алена.

Калі распачалася кампанія, шмат хто звярнуў увагу на незвычайную назву кнігі. Вось як тлумачыць яе аўтарка Надзея: “Так, назва не зусім звычайная. Але справа ў тым, што ў гэтай кніжцы казкі ― нібы жывыя істоты. І менавіта з-за іх цікаўнасці і адбыліся ўсе гісторыі. У чароўных казак няма каранёў ― у іх ёсць крылы. Яны лётаюць па свеце, нябачныя для ўсіх. Сядаюць на спіну ветру, слізгочуць па вясёлцы, абганяюць хмары. І калі казка выпадкова дакранецца да чалавека, з ім адбываецца нешта незвычайнае…”

Падтрымаць праект і набыць кнігу са зніжкай у 30% можна тут.

Пра аўтарку
Надзея Ясмiнска ― беларуская пісьменніца, лаўрэатка Прэміі Цёткі 2016 года за кнігу “Сем ружаў”, лепшая дзіцячая аўтарка ― 2017 па выбары мінскіх бібліятэк.

Пра мастачку
Алена Сацута ― мастачка і дызайнерка, працуе ў аўтарскай тэхніцы папяровага калажу з 2013 года. Сайт: elena-satsuta.com.

Пра выдавецтва
Галіяфы” – незалежнае выдавецтва, якое спецыялізуецца на выданні:
– мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў,
– дзіцячых кніг на беларускай мове,
– кніг па мастацтве,
– кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.