На сайце прэміі “Кніга году” апублікаваны спіс з 54 кніг-намінантаў, а таксама спіс сябраў журы, што галасуюць за найлепшую кнігу. Сёлета да вялікага журы далучыліся 100 літаратараў і літаратарак.
Канчатковыя вынікі з’явяцца 31 мая на сайце kniha.by. Пераможца атрымае прыз у памеры 1000 еўра ў эквіваленце па курсе Нацбанка. Прэмія прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у 2017 годзе ў жанрах мастацкая проза, паэзія, эсэістыка, нон-фікшн.
Прэмія “Кніга году” была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Папярэднія пераможцы: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”), Андрэй Хадановіч з кнігай “Нататкі таткі”, летась — Наста Кудасава з кнігай “Маё невымаўля”.