“Адкрытая Еўразія” — гэта штогадовы міжнародны конкурс, што аб’ядноўвае паэтаў, празаікаў, мастакоў, рэжысёраў, артыстаў, творчых людзей любых прафесій з Еўразіі і ўсяго свету. Конкурс ладзіцца з 2012 года. Ён арганізаваны паводле прынцыпу адкрытасці і ўзаемадзеяння ўсіх мастацтваў на аснове літаратуры, дазваляючы весці дыялог унутры літаратурнай і культурнай прасторы і даючы аўтарам магчымасць заявіць пра сябе. Конкурс праводзіцца “Еўразійскай Творчай Гільдыяй (Лондан)”. У 2017 годзе конкурс праходзіць у 6 раз.
Агульны прызавы фонд конкурсу ў 2017 годзе — 29 000$. Галоўны прыз конкурсу — грант ад выдавецтва “Hertfordshire Press” у памеры 12 000$ на выданне кнігі пераможцы на ангельскай мове і прэзентацыю ў Лондане.
Апроч таго, конкурс прадугледжвае 5 прэмій:
— прэмія “Жывая лінія” ў памеры 2 000$ за першае месца ў катэгорыі “Ілюстрацыя”;
— прэмія імя Немата Келімбетава ў памеры 5 000$ за перамогу ў катэгорыі “Відэафільм”;
— прэмія імя Марзіі Закір’янавай у памеры 5 000$ за найлепшы жаночы твор, якая пойдзе на выданне кнігі-пераможцы;
— прэмія імя Марыі Шэвель у памеры 5 000$ за найлепшую працу, прысвечаную дзіцячай тэматыцы;
— прэмія Генералаў ад Асацыяцыі “Генералаў Свету за Мір”, найвышэйшая ўзнагарода Асацыяцыі — медаль “Голуб Міру” за найлепшы твор, прысвечаны ўмацаванню міру, сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі.
У катэгорыю “Літаратурны твор” работы прымаюцца да 15 чэрвеня, у катэгорыі “Ілюстрацыя”, “Пераклад” і “Відэафільм” — да 15 жніўня 2017 года.
Больш падрабязную інфармацыю пра сам конкурс і ўмовы ўдзелу ў ім, а таксама ўрыўкі з прац папярэдніх лаўрэатаў вы можаце знайсці на афіцыйным сайце і на старонцы ў фэйсбуку.