Пэтсан і Фіндус 26 мая у Мінску

Апошняе абнаўленне: 24 мая 2017
Пэтсан і Фіндус 26 мая у Мінску
26 мая адбудзецца прэзентацыя кніг шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста — «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса».

26 мая ў мінскай галерэi «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) адбудзецца прэзентацыя адразу дзвюх кніг шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста — «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса» — з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык.

Пачатак у 18.00.

Уваход вольны.

Шыкоўна ілюстраваныя гісторыі пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса пабачылі свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» і ўжо чакаюць чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў.

Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, пасля — “Блінны торт” і «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» (усе пераклала Надзея Кандрусевіч).

А зараз серыя для дзяцей працягваецца чарговымі гісторыямі, з якіх юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як коцік Фіндус паляпшаў настрой дзядулі Пэтсана з дапамогай… рыбалкі (“Пэтсан сумуе”) і якім чынам героі адпужвалі ад сваёй хаты ласага да курэй ліса (“Паляванне на ліса”).

Пэтсан і Фіндус 26 мая у Мінску

Арганізатар  — Саюз беларускіх пісьменнікаў, партнёр грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.