14 лютага — 80 гадоў з дня народзінаў Міхася Стральцова. Да гэтай даты выйшла ў свет кніга «Выгнаны патрыцый» (успаміны, лісты, архіўныя знаходкі). Пра Стральцова ў жыцці і на старонках кнігі Міхась Скобла пагутарыў з удавой пісьменніка Аленай Стральцовай.
— Спадарыня Алена, у кнізе зьмешчаныя і вашыя ўспаміны. Думаю, што і чытачам «Свабоды» будзе цікава даведацца, дзе і пры якіх абставінах вы ўпершыню ўбачылі Міхася Стральцова?
— Гэта адбылося ў далёкім 1964 годзе. У той час моцна хварэла мая бабуля, і мы, каб хоць неяк яе падтрымаць, ціснулі апэльсінавы сок. Дэфіцытныя ў той час апэльсіны трэба было даставаць, і адна з маіх сябровак ведала — дзе. У той дзень мы і прыйшлі па іх да аднаго знаёмага. І так здарылася, што дзьверы нам адчыніў чамусьці не гаспадар, а Міхась. Я ўбачыла прыгожага маладога чалавека з узьнёслым тварам, які стаяў у сонечным сьвятле, і было такое ўражаньне, што ў яго над галавою — німб.
Я тады вучылася на філфаку БДУ і чула пра маладога пісьменьніка Стральцова. Але тады ня ведала, хто перада мной. Там былі яшчэ нейкія маладыя людзі, усе размаўлялі па-беларуску, я таксама перайшла на беларускую, і Міхась заўважыў: мабыць, дзяўчына вырасла ў настаўніцкай сям’і, у вёсцы. Як жа ён зьдзівіўся, калі даведаўся, што я нарадзілася ў расейскім Яраслаўлі. Запомнілася яшчэ, што мы тады абмяркоўвалі выданьне Шэксьпіра па-беларуску. Я думала, што пераклад рабіўся з расейскай мовы, і безапэляцыйна заявіла, што Шэксьпір шмат ад гэтага страціў. Міхась слухаў самаўпэўненага «шэксьпіразнаўцу» і прыязна ўсьміхаўся.
— А дзе Стральцоў прызначыў вам першае спатканьне?
— І першае, і шмат іншых спатканьняў прайшлі ў парку Янкі Купалы, дзе ў нас была свая лавачка. Дамаўляючыся пра чарговую сустрэчу, Міхась звычайна гаварыў: «Прыходзь туды, дзе вераб’і скачуць». Падчас адной з сустрэчаў я сказала: «Хай бы знайшлася жанчына, якая ўзяла б цябе ў рукі. Ты адзін прападзеш». На гэта Міхась адрэагаваў нечакана: «Дык ты і вазьмі!» І мы сталі жыць разам — спачатку ў маёй мамы. Міхась пазнаёміў мяне з многімі пісьменьнікамі. Мне запомнілася, як мудры Янка Брыль, які вельмі пяшчотна ставіўся да Міхася, неяк параіў мне сам-насам: «Абавязкова завядзіце дзіця — для Міхася гэта важна». І калі ў нас нарадзілася дачка Алеся, муж аж дрыжаў над ёю, вазіў у возіку на прагулкі, пазьней забіраў зь дзіцячага садка. Калі дачка падрасла, ён чытаў ёй кніжкі, цярпліва выслухоўваў усе яе навіны. Нават з Мазыра, дзе ў пачатку 80-х гадоў знаходзіўся на лекаваньні, ён дасылаў дачцэ спэцыяльна для яе напісаныя вершы і казкі.
— Вы прыгадалі Мазыр, куды Стральцоў трапіў у 1981 годзе (у лячэбна-працоўны прафілакторый, гэтак званы «ЛТП»). Ведаю, што вы пра гэта ня любіце ўспамінаць. Але — мяне гэта ўразіла — многія вершы, якія пазьней увайшлі ў кнігу «Мой сьвеце ясны», датаваныя якраз мазырскім пэрыядам яго жыцьця. Яму там усё ж пісалася…
— Так, у многіх лістах з Мазыра Міхась дасылаў новыя вершы, ён, дарэчы, працаваў там у бібліятэцы… Але мне сапраўды ня хочацца прыгадваць той час. Скажу толькі, што Мазыр — гэта быў адзіны спосаб уратаваць яго жыцьцё і ягоны талент… Што да прыгаданай кнігі «Мой сьвеце ясны», то яна выйшла зь вельмі прыгожымі ілюстрацыямі мастака Аляксандра Шэверава. Міхась любіў узяць яе ў рукі, задаволена ўсьміхаўся. Нават папрасіў мяне адзін асобнік разабраць па старонках і зрабіць нешта накшталт паспарту, каб потым у рамках павесіць у кабінэце.
— Уладзімер Караткевіч пісаў, апрануўшы белую чыстую кашулю. Бальзак — апусьціўшы ногі ў халодную ваду. Хэмінгуэй — у кавярні. А як пісаў Стральцоў?
— Ён не любіў, каб яму ў гэты час перашкаджалі, але адначасова не хацеў, каб мы з дачкой сыходзілі з кватэры. Вельмі дзіўна выглядаў сам працэс пісаньня. Друкарка стаяла ў кабінэце. Звычайна я займалася сваімі справамі на кухні. І вось бачу, Міхась ідзе на кухню да акна, стаіць пры ім, паліць у фортку і думае. Раптам, не дапаліўшы цыгарэту, бяжыць у кабінэт да машынкі, і я чую, як яна стракоча, як кулямёт. Гэта ён так артыкулы пісаў. А прозу ён пісаў ад рукі. Звычайна дома ён хадзіў у тоненькай кашульцы. І я бачыла, як у яго па сьпіне ішла палоска поту, ён пісаў цяжка — быццам дровы сек. Проза яму цяжка давалася. Нават фізычна. Міхасю часта заказвалі рэцэнзіі, розныя артыкулы. І ён стараўся выконваць заказы, мог напісаць цэлы артыкул пра адно чатырохрадкоўе! Але калі той ці іншы твор яму не падабаўся, ніхто ў сьвеце ня мог прымусіць яго напісаць хоць бы радок! Тут ён быў абсалютна непадкупны.
— Зьдзіўляе начытанасьць Стральцова. Увогуле, як ён ставіўся да кніг, каго любіў чытаць?
— Міхась быў абыякавы да адзеньня, да рэчаў ня першай неабходнасьці, але за кнігі мог аддаць апошні рубель. З усіх крамаў улюбёнымі ў яго былі кнігарні. Кніг у хаце заўсёды было многа. Цікава, што чытаў ён адразу некалькіх аўтараў. Любіў гэта рабіць лежачы. Ляжыць на канапе з кнігай Блока, а тут жа на падлозе — разгорнуты Зошчанка, а побач зь ім Чэхаў. Зь беларускіх вельмі любіў Брыля, Адамовіча, Барадуліна, быў у захапленьні ад Максіма Гарэцкага. Чытаў, перачытваў, рабіў выпіскі, зачытваў іх мне. Я ўжо не кажу пра Багдановіча…
— Пра якога Стральцоў напісаў бліскучае эсэ «Загадка Багдановіча». Калі пісьменьнік становіцца клясыкам, то пасьля сьмерці ён абрастае сябрамі, як пень апенькамі. Здаецца, Анатоль Сідарэвіч недзе пісаў, што ў Стральцова пры жыцьці не было задушэўных сяброў. Сапраўды не было?
— Сябры былі — і задушэўныя, і ня вельмі… Вельмі цаніў Стральцова і шмат дапамагаў нам Алесь Адамовіч. Каб падтрымаць матэрыяльна, прасіў Міхася перакладаць яго кнігі на беларускую мову. Помніцца, Адамовіч атрымаў ганарар 800 рублёў — на той час вялікія грошы — і ўвесь аддаў Міхасю. Блізкімі сябрамі былі таксама Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Карлас Шэрман, Аляксей Зарыцкі, Фама Варанецкі. А самым задушэўным быў Рыгор Барадулін. Ён нам тэлефанаваў часам па пяць-шэсьць разоў за дзень. Калі раніцай, то першым яго пытаньнем было: а што ў цябе на сьняданак? І калі Міхась пералічваў, Рыгор Іванавіч цешыўся: «Ну, дык ты жывеш, як пан». Часта слухаўку брала дачка Алеся і адразу крычала на ўсю кватэру: «Мішачкін! Цябе Грышачкін да тэлефону кліча!»
— Летась мне давялося пабываць на радзіме Стральцова — у вёсцы Сычын Слаўгарадзкага раёну. Там сёньня практычна няма жыхароў, хаты стаяць напаўразбураныя. А якім вам помніцца Сычын ранейшы? Што можаце сказаць пра бацькоў Міхася Лявонавіча?
— Найбольш мне запомнілася першая паездка ў Сычын. Бацька, Леў Клімавіч, быў тыповы беларус — спакойны, памяркоўны, ён працаваў дырэктарам школы, адчувалася ў ім нават у побыце настаўніцкая жылка. Маці, Марыя Міхайлаўна, мела мяккі характар, але пры патрэбе магла і пастрожыцца. Маці вельмі радавалася прыезду сына, панаракала, што рэдка бывае ў роднай хаце. Але і парадавалася, што Міхась лагодны, добра апрануты. Мы прабылі ў вёсцы, можа, зь месяц. Хадзілі на рэчку Галубу, дапамагалі бацькам у вясковай працы. Помню ідзем аднекуль, а нас даганяе мясцовы дзед Ганчарык на возе. Маладзіцы, што ішлі разам з намі, папрасіліся на воз. А дзед: «Я лепш гарадзкую падвязу, яна больш паглядная!» Але я да дзеда ня села, бо мне было прыемна зь Міхасём ісьці.
— Нядаўна я перачытваў апавяданьне «На чацьвёртым годзе вайны» і спыніўся на малітве дзеда Міхалкі. Яе ня мог напісаць атэіст. Стральцоў быў чалавекам рэлігійным?
— Не, ён усё ж быў сынам дырэктара школы, і гэта адыграла сваю ролю. Вялікі ўплыў на Міхася ў маленстве аказаў дзед па маці Міхал Кузьміцкі. Водгалас гэтага сяброўства дзеда з унукам якраз і чуцён у названым апавяданьні. Але Міхась быў сябрам афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў, я працавала ў выдавецтве ЦК КПБ. І калі нарадзілася Алеся, мы, як і многія, баяліся яе пахрысьціць, бо ведалі, што пры цэрквах былі людзі, якія даносілі. А мая маці настойвала… І аднойчы я ня вытрымала — дазволіла ёй пахрысьціць унучку, але нікому пра гэта не казаць. І вось аднойчы ў выходны дзень яны разам аднекуль вяртаюцца, і Алеся мне расказвае, што яны з бабуляй былі ў тэатры. Там усе — і дарослыя, і дзеці — лёталі высока-высока. Я слухала і думала, што яны, мабыць, у цырк хадзілі. А потым, кажа дачка, выйшаў дзед у вышытай сукенцы і напусьціў дыму, а потым пачаў вадой пырскацца… Тады я зразумела, дзе яны былі, але Міхасю нічога не сказала. А неяк да нас прыехаў маскоўскі крытык Валянцін Аскоцкі. Яны сядзелі, размаўлялі зь Міхасём, і Валянцін пачаў расказваць, што ў Маскве пайшла мода хрысьціцца. А Міхась гаворыць: «А ў нас у Менску ціха. Я і сам няхрышчаны, і малая наша». Тут я ня вытрымала: «Ты, можа, і няхрышчаны, а пра Алесю чаму так гаворыш?» Ён зірнуў на мяне: «Хіба цешча пастаралася?» Я пераказала яму Алесіну гісторыю з «тэатрам». Як мне падалося, ён быў задаволены.
— Міхась Стральцоў — бацька трох дачок: Вікторыі і Веранікі (ад першага шлюбу) і вашай Алесі. Але, наколькі я ведаю, прозьвішча Стральцоў носіць адзін з унукаў…
— Так, калі ў нашай дачкі Алесі нарадзіўся сын, яна прыклала ўсе намаганьні, каб ён стаў Стральцовым. І я ўдзячная за разуменьне сытуацыі яе мужу. Сёньня ўнуку ўжо споўнілася чатырнаццаць гадоў. І хоць жыве ён далёка ад Беларусі, у Адэсе, але стараецца чытаць творы дзеда па-беларуску. Мы часта размаўляем зь ім у скайпе, яго цікавяць і менскія курсы «Мова-нанова», і новыя публікацыі пра дзеда, і Стральцоўскі фэстываль «Вершы на асфальце». Мне здаецца, Міхасю было б надзвычай прыемна ведаць, што дзесьці на сьвеце жыве яго крывінка, прадаўжальнік роду — Мацьвей Стральцоў.