Саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў пра пачатак прыёму прац на конкурс «Экслібрыс», які сёлета мае імя Францішка Скарыны, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прысвечаны мастацкаму перакладу на беларускую мову.
Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ва ўзросце да 35 гадоў, якія перакладаюць паэзію, прозу або эсэістыку з любой мовы на беларускую. Тэматыка твораў — любая. Прымаюцца пераклады, якія нідзе не друкаваліся раней.
Аб’ём: да 1 аўтарскага аркуша (40 тыс. знакаў з прабеламі для прозы і эсэістыкі; 700 радкоў для паэзіі).
Журы конкурсу: Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас, Уладзімір Папковіч, Алена Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута.
Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc да 15 ліпеня 2017 года на адрас [email protected], пазначыўшы тэмай ліста “Экслібрыс”.
У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка, кантактны нумар тэлефона і e-mail.
Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў”, газеце “Літаратурная Беларусь”, а таксама выданне кнігі з перакладамі пераможцаў пры ўмове наяўнасці аўтарскага права.