«Будзьма беларусамі!» і Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць 1 лістапада на літаратурную дыскусію “Забіць у сабе анёла, або Як быць паэткай у сучаснай Беларусі” з удзелам паэтак Валянціны Аксак, Вольгі Гапеевай і Насты Кудасавай. Мадэратарка – паэтка Юля Цімафеева.
Са школьных часоў мы маем зборны вобраз “паэтэсы” – сентыментальнай ці, наадварот, экзальтаванай паненкі, якая ў вершах толькі і робіць, што скардзіцца на няшчаснае каханне і апявае прыгажосць роднай зямлі. Але колькі ў тым вобразе было праўды, а колькі маны? І хто такія сучасныя беларускія аўтаркі, якія ў тлумную інфармацыйную эпоху імкнуцца гаварыць са светам паэтычнымі радкамі? Як яны прыйшлі ў літаратуру і чаму засталіся, пра што пішуць і чаго пазбягаюць, якіх анёлаў і дэманаў у сабе забіваюць ці, наадварот, вырошчваюць? Як ставяцца да славы, вар’яцтва, вайны і палітыкі і якой бачаць будучыню паэзіі пасля сябе?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, а таксама новыя вершы ўдзельніц дыскусіі вы пачуеце ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі.
Пачатак імпрэзы ў 19.00.
Адрас Літаратурнага музея Петруся Броўкі: вул. Карла Маркса, 30.
Уваход вольны.