Пайшоў з жыцця Алег Аблажэй

Апошняе абнаўленне: 19 мая 2016
Пайшоў з жыцця Алег Аблажэй
18 траўня 2016 года ў Вільні памёр беларускі мастак, ілюстратар кніг, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй.

18 траўня 2016 года ў Вільні памёр беларускі мастак, ілюстратар кніг, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй. Беларускі ПЭН-цэнтр спачувае родным і блізкім пісьменніка.

Зусім нядаўна, 6 траўня, яму споўнілася 62 гады. Алег Аблажэй – нараджэнец вёскі Лезнявічы, што на Дзятлаўшчыне. Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні — «Казка пра Султана» і інш.

У 1984—1986 гг. у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая Алегам Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Маляваў таксама партрэты вядомых дзеячаў, краявіды. Любімай яго тэмай была жанчына ў фантастычных строях і проста жанчына. Яго працы выстаўляліся неаднаразова ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.

У Літве імя Алега Аблажэя вядома не толькі як мастака, але і як грамадскага дзеяча. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці «Саюдзіса», супрацоўнічаў з беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў чальцом рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Алег Аблажэй доўгі час супрацоўнічаў з Беларускім Радыё Рацыя.