Літаратурны праект Books from Belarus прадставіць на VII Міжнародным кніжным кірмашы, які адбудзецца ў Варшаве з 19 па 22 траўня, творчасць шасці беларускіх аўтарак.
Гэта адна з найбуйнейшых кніжных імпрэз Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Кірмаш адбываецца ўжо сёмы раз. Другі раз з кніжнымі навінкамі ды аўтарамі з Беларусі можна будзе пазнаёміцца на стэндзе Books from Belarus. Гэта некамэрцыйны праект, які прадстаўляе незалежныя беларускія выдавецтвы. Ён дзейнічае ўжо чацвёрты год. Папярэднія гады стэнд Books from Belarus працаваў на кірмашах у Ляйпцыгу і Франкфурце.
Сёлета на кірмашы будуць прадстаўлены кнігі выдавецтваў “Галіяфы”, “Логвінаў”, “Кнігазбор”, “Архэ”, “Янушкевіч”. Сёлета беларускі бок змяніў канцэпцыю свайго ўдзелу ў кірмашы. Акрамя таго, што на стэндзе пакажуць выдадзеныя ў Беларусі кнігі, Books from Belarus пазнаёміць наведнікаў кірмаша з шасцю беларускімі аўтаркамі і іх кнігамі.
“Карыстаючыся нагодай, што беларуска атрымала літаратурную Нобелеўскую прэмію, мы хочам паказаць жаночае аблічча беларускай літаратуры. Мы хочам пазнаёміць наведнікаў варшаўскага кірмаша з беларускімі аўтаракамі, з іх кнігамі і праектамі. У нас будуць прадстаўлены творы Святланы Алексіевіч, Валянціны Аксак, Алены Брава, Насты Кудасавай, Марыі Роўды, Таццяны Скарынкінай. З некаторымі з іх пройдуць аўтарскія сустрэчы”, – кажа каардынатарка Books from Belarus на Варшаўскім кніжным кірмашы Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.