Міжнародны жаночы дзень, які штогод адзначаецца 8 сакавіка, – гэта магчымасць успомніць пра дасягненні ў сферы правоў жанчын, заклікаць да зменаў, падзякаваць жанчынам, якія змагаюцца за правы, нягледзячы на рызыку і небяспеку для ўласнага жыцця.
“У наш час журналісты, аўтары – і ёсць сама гісторыя. Гісторыя цэнзуры, турэмнага зняволення, смерці, знікнення. Для журналістак гэта гісторыя таксама складаецца з сэксуальных дамаганняў, якія лічацца “прафесійнай рызыкай”. Сэксуальны гвалт, з якім сутыкаюцца карэспандэнткі – гэта сур’ёзная праблема правоў чалавека”, – кажа прэзідэнтка Міжнароднага ПЭНа, Джэніфер Клемент.
Напрацягу многіх гадоў Міжнародны ПЭН у гэты дзень уздымае пытанні пераследу, гвалту і пагроз, з якімі сутыкаюцца пісьменніцы і аўтаркі па ўсім свеце. Справаздачы аб гэтай праблеме ўсё яшчэ застаюцца абмежаванымі і частковымі, але складаныя ўмовы, у якіх працуюць аўтаркі і журналісткі, былі апісаныя некалькімі арганізацыямі ў апошнія гады:
– Па выніку сустрэчы журналістаў, медыя-персон, урадоўцаў і прадстаўнікоў грамадства з дзяржаў-удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў верасні 2015 г., АБСЕ апублікавала справаздачу. У ёй было паказана, што журналісткі, блогеркі і іншыя жанчыны, якія працуюць у сферы медыя, сутыкаюцца з несувымернымі пагрозамі ў інтэрнэце на падставе свайго гендара. Гэта ўплывае на іх бяспеку і далейшую анлайн-актыўнасць.
– Міжнароднае даследаванне, праведзенае ў 2013 годзе Міжнародным інстытутам бяспекі журналістаў і Міжнародным фондам жанчын, якія працуюць у СМІ, сярод больш за тысячу журналістак, паказала, што амаль дзве траціны рэспандэнтак так ці інакш сутыкаліся з рознымі формамі пагроз у сваёй працы. 46,12% сутыкаліся з сэксуальнымі дамаганнямі.
– Знайсці даследаванні па асобных краінах складаней. Тым не менш справаздача “Напады на журналістак ў Мексіцы” была апублікаваная ў 2012 годзе арганізацыяй Women’s Communication and Information (Жаночая камунікацыя і інфармацыя) і паказала рэзкае павелічэнне варожасці ў адносінах да журналістак за апошнія дваццаць гадоў. У перыяд з 2002 па 2013 гады колькасць нападаў на журналістак у Мексіцы павялічылася на 2200%, тым часам як іх калегі-мужчыны пацярпелі на 276% больш, чым за папярэдні перыяд.
Гэту тэндэнцыю пацвярджаюць дадзеныя Міжнароднага ПЭНа адносна пераследу пісьменнікаў. З 104 запытаў аб прытулку, якія атрымала арганізацыя ад пісьменнікаў, толькі 9 паступілі ад жанчын. Менш за 17% усіх выпадкаў пераследу пісьменнікаў, зарэгістраваных ПЭНам у 2014 г., датычыла жанчын. Такія лічбы тлумачацца тым, што жанчыны знаходзяцца ў большай небяспецы і іх доступ да рэсурсаў судовай сістэмы абмежаваны.
Каб нагадаць пра гэтыя праблемы, Міжнародны ПЭН і яго цэнтры па ўсім свеце кожны год заклікаюць падтрымліваць жанчын, якія пазбаўлены права на свабоду самавыражэння з-за дамаганняў, пагроз, гвалту і турэмнага зняволення.
“Міжнародны жаночы дзень – гэта магчымасць аддаць належнае адважным пісьменніцам, якія штодня сутыкаюцца з велізарнымі цяжкасцямі ў сваёй працы. Камітэт пісьменніц Міжнароднага ПЭНа звяртае ўвагу на ўнікальную і неад’емную ролю жанчынаў-пісьменніц у павышэнні дасведчанасці пра праблемы, з якімі сутыкаюцца дзяўчынкі і жанчыны па ўсім свеце. Мы працягнем сваю працу па забеспячэнні роўнасці і бяспекі для ўсіх жанчын”, – кажа Элізабэт Нордгрэн, старшыня Камітэта.
Сёлета ПЭН заклікае падтрымаць:
Махваш Сабіт (Іран) – выкладніцу і паэтку. У дадзены момант яна адбывае 20-гадовае турэмнае зняволенне. Яна знаходзіцца ў турме з 2008 г. з-за сваіх поглядаў і дзейнасці адносна пытання бахаі – рэлігійнай меншасці ў Іране. Дазнайся па спасылцы, чым можна ёй дапамагчы.
Наргіз Махамадзі (Іран) – незалежную журналістку і былую намесніцу кіраўніка Цэнтра па абароне правоў чалавека. Яна была арыштавана ў траўні 2015 года і чакае суда па абвінавачваннях у “распаўсюдзе прапаганды супраць сістэмы”. Дзейнічай.
Фаціму Наўт (Егіпет) – паэтку і былую кандыдатку ў парламент. У студзені 2016 года яна была асуджана на тры гады зняволення за “непавагу да рэлігіі”, “распаўсюд вераадступніцкіх поглядаў” і “парушэнне грамадскага парадку” пасля таго, як у кастрычніку 2014 апублікавала ў Facebook пост, у якім раскрытыкавала традыцыйны забой ахвярных жывёл падчас святкавання Ід аль-адха. Дзейнічай.