2 лістапада ў Лондане памёр ганаровы сябар Беларускага ПЭН-цэнтра, навуковец, беларусіст, гісторык мастацтва, грамадскі дзеяч, мецэнат Анджэй Цеханавецкі.
Анджэй Цеханавецкі нарадзіўся 28 верасня 1924 года ў Варшаве. Вёў шырокую грамадска-дабрачынную дзейнасць, атрымаў шэраг высокіх узнагарод. Аўтар кнігі “Міхаіл Казімір Агінскі і яго “сядзіба музаў” у Слоніме” (на беларускую пераклаў У. Сакалоўскі, 1993, 2006). З 1961 года жыў у Лондане і займаўся выкладчыцкай, навукова-экспертнай і музейнай дзейнасцю. Ганаровы старшыня польска-беларускай камісіі па справах агульнай культурнай спадчыны, ганаровы маршалак Згуртавання беларускай шляхты, ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Інстытуту беларускай гісторыі Акадэміі навук. Віцэ-прэзідэнт Англа-беларускага таварыства ў Лондане. Анджэй Цеханавецкі падараваў Беларусі слуцкі пояс, рэдкія кнігі і рарытэты з радзівілаўскай калекцыі, клапаціўся пра палац у вёсцы Бачэйкава Бешанковіцкага раёна на Віцебшчыне, дзе некалькі стагоддзяў жыў ягоны род.