• Навiны
  • Адбыўся агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра

Адбыўся агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра

Апошняе абнаўленне: 5 сакавіка 2015
Адбыўся агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра
28 лютага ў “Галерэі ТUТ. BY” адбыўся чарговы Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра. Як і зазвычай, сябрамі арганізацыі было абранае кіраўніцтва ПЭНа, абнавіўся і склад Рады.

28 лютага ў “Галерэі ТUТ. BY” адбыўся чарговы Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра. Як і зазвычай, сябрамі арганізацыі было абранае кіраўніцтва ПЭНа, абнавіўся і склад Рады.

За два прамінулыя гады Беларускі ПЭН-цэнтр ініцыяваў і здзейсніў шэраг культурніцкіх праектаў. Два разы былі ўручаныя Прэмія Ежы Гедройца, прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, Прэмія імя Францішка Аляхновіча за літаратурныя творы, напісаныя ў зняволенні. Ва ўсіх гэтых праектах ПЭН-цэнтр выступаў арганізатарам сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, а таксама з Беларускай службай Радыё Свабода (у выпадку з Прэміяй Аляхновіча). Працягваў сваю працу праект “Літрадыё”, дзе на момант сходу знаходзілася больш за тысячу гукавых файлаў – твораў, агучаных самімі пісьменнікамі. Удзельнікі сходу была паінфармаваныя пра цалкам новыя задумкі Беларускага ПЭНа, некаторыя з якіх плённа працуюць. Напрыклад, нехта з сяброў арганізацыі ўпершыню пачуў пра магчымасць для маладых літаратараў атрымаць стыпендыю на двухтыднёвае пражыванне і працу ў Вільні (“Рэзідэнцыя маладога літаратара”). Нягледзячы на фенаменальную распаўсюджанасць гэтай практыкі ў Еўропе і даўнюю беларускую прысутнасць у Вільні, менавіта Беларускі ПЭН-цэнтр упершыню ініцыяваў і ажыццявіў гэты нешараговы і затратны праект. Дзякуючы Рэзідэнцыі маладога літаратара 7 маладых аўтараў змаглі ў 2014 годзе папрацаваць у Вільні.

Справаздачная частка – даклады старшыні ПЭНа Андрэя Хадановіча, ягоных намеснікаў Паўла Анціпава і Ганны Янкуты, бухгалтара Вольгі Раковіч – перамяжоўвалася і неафіцыйным складнікам. На сходзе былі ўручаныя штогадовыя прэміі: імя Алеся Адамовіча і імя Францішка Багушэвіча. Прэміяй імя Алеся Адамовіча, якая прысуджаецца за найбольш яркую публіцыстычную кнігу папярэдняга года, быў уганараваны Уладзімір Някляеў. Так быў адзначаны ягоны эсэістычна-мемуарны цыкл “Знакі прыпынку”, які летась быў апублікаваны ў выдавецтве “Лімарыус” з каментарамі Сяргея Шапрана.

Традыцыйная Прэмія Францішка Багушэвіча за найбольш вартыя гістарычныя даследаванні, якія абуджаюць нацыянальную свядомасць, была прысуджаная Анатолю Трафімчыку за ягоную кнігу “1939 год і Беларусь: забытая вайна”. Даследаванне лаўрэата пабачыла свет у новага беларускага выдаўца гістарычнай літаратуры – Андрэя Янушкевіча. Папулярная кніга пра 1939 год, але напісаная з пункту гледжання беларусацэнтрычнага гістарыёграфа, яна заваявала тытул кнігі году сярод беларускага нон-фікшн па версіі Радыё Свабода.

На сходзе Беларускага ПЭНа быў прадстаўлены даўно чаканы, хоць і абсалютна новы праект: “Кніга году”. Мэта яго ў тым, каб зменшыць рознасць поглядаў беларускіх літаратараў на найлепшую кнігу, даўшы магчымасць самім пісьменнікам абраць пераможцу. У журы прэміі “Кніга году” можа ўвайсці кожны паэт, празаік ці дзіцячы пісьменнік, які цягам апошніх пяці гадоў выдаў уласную кнігу. Кніга павінна быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы. Ацэнкі літаратараў, якія пажадалі ўвайсці ў журы, суміруюцца і, арыфметычным чынам, вызначаюць найлепшую кнігу ў намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Дзіцячая літаратура”. Першае ўручэнне сімвалічнай “Кнігі году” адбудзецца сёлета ў красавіку.

Галоўным пытаннем сходу было, зразумела, абранне кіраўніцтва. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Лявон Баршчэўскі і старшыня кантрольнай камісіі арганізацыі Уладзімір Сіўчыкаў правялі выбары. Радай Беларускага ПЭН-цэнтра на выбарныя пасады былі рэкамендаваныя Андрэй Хадановіч (старшыня), Павел Анціпаў (першы намеснік старшыні), Ганна Янкута (другі намеснік старшыні), Юля Цімафеева (трэці намеснік старшыні), Уладзімір Арлоў, Андрэй Дынько і Ігар Логвінаў (усе трое – сябры Рады). Сход таксама прапанаваў альтэрнатыўныя кандыдатуры сяброў Рады арганізацыі – Ігара Бабкова і Дзмітрыя Строцава, аднак у выніку большасцю галасоў былі абраныя рэкамендаваныя Радай асобы. Юля Цімафеева змяніла на пасадзе трэцяга намесніка старшыні Андрэя Скурко, а замест Зміцера Коласа і Алеся Анціпенкі ў раду Беларускага ПЭН-цэнтра ўвайшлі Андрэй Дынько і Ігар Логвінаў.

Агульны сход сабраў больш за 60 сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра, рознага ўзросту і поглядаў. Але галасаванне, якое праводзілася ў адкрытай форме, паказала іх падтрымку кіраўніцтву арганізацыі. Беларускі ПЭН за апошнія два гады правёў некалькі фестываляў памяці Міхася Стральцова, арганізаваў конкурс крытыкаў імя Адама Бабарэкі, падтрымаў выданне некалькіх дзясяткаў кніг, пастаянна прадастаўляе памяшканне Школе маладога пісьменніка пры СБП, Беларускаму Калегіюму, інтэрнэт-парталу Makeout. Сем супрацоўнікаў арганізацыі ўвесь час знаходзяцца ў кантакце з беларускімі літаратарамі, ангажуюць іх у культурніцкія праекты. Актыўнасць Беларускага ПЭН-цэнтра – адлюстраванне ўсяго літаратурнага працэсу ў Беларусі. Дзейнасць арганізацыі відавочна спрыяе пазітыўнаму статусу беларускай літаратуры як у самой Беларусі, так і за мяжой.


Ціхан Чарнякевіч