9 студзеня 2015 эканамічны суд горада Мінска пастанавіў: “Кнігарня Логвінаў” мусіць сплаціць штраф памерам у 967 мільёнаў рублёў. Гэты штраф незалежная беларуская кнігарня атрымала за “працу без рэгістрацыі”. Са студзеня 2014 года ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. “Кнігарня Логвінаў” спрабавала зарэгістравацца шэсць разоў на працягу года, але атрымлівала адмовы на надуманых падставах.
Раней, у кастрычніку 2013 года, была скасаваная ліцэнзія выдавецтву “Логвінаў”. Прычынай стала выданне альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”, які прызналі “экстрэмісцкім” за публікацыю фотаздымкаў.
Рада Беларускага ПЭН-цэнтра расцэньвае бюракратычныя перашкоды і выкліканыя імі судовыя рашэнні, скіраваныя на ўціск і знішчэнне “Кнігарні Логвінаў”, як цэнзуру і парушэнне права грамадзянаў на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, запісанага ў Канстытуцыі.
Рада Беларускага ПЭН-цэнтра заклікае грамадства ўсімі магчымымі сродкамі дапамагчы кнігарні ў няпросты для яе час застацца важным асяродкам нацыянальнай культуры.